Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Бабруйскай цытадэлі дабудоўваюць лядовы палац (фота) 12:19, 13/07/2007
Трывожныя размовы пра пабудову лядовага палацу проста пасярод Бабруйскай цытадэлі цягнуцца да самага пачатку. Існуюць дзьве супрацьлеглыя думкі. Адны ўпэўнены, што такім будаўніцтвам наносіцца непапраўны ўрон цытадэлі – гістарычнаму помніку пачатку ХІХ стагодзьдзя. Іншыя, у тым ліку й прадстаўнікі ўлады, пераконваюць, што пад гэтую марку будуць рэстаўравацца й бастыёны цытадэлі, што яна атрымае другое жыцьцё.
Трэба адзначыць, што насуперак часу і ўсім уладам, цытадэль знаходзіцца ў больш-менш прыстойным стане. Колькі гадоў таму адсюль зьехала вайсковая частка. Гэта вельмі дрэнна, бо цяпер у двухсотгадовых казармах павыбіваныя шыбы, дзе-нідзе былі лякальныя пажары. Бастыёны цытадэлі, якія раскіданыя на тэрыторыі дыямэтрам два кілямэтры, захаваліся добра. Часам, калі глядзіш на сьценку 1806 году, адчуваньне, што будаўніцтва толькі скончылася – так бездакорна яна выглядае.
Што да лядовага палацу, дык сытуацыя яшчэ нявызначаная. Каркас ужо збудаваны. Стаіць ён літаральна побач з магутнымі бастыёнамі й значна выбіваецца з агульнай архітэктурнай карціны, збольшага псуючы яе.
Як дэкларуюць улады, бліжэйшыя да палацу бастыёны якраз зараз перадаюцца ў прыватныя рукі. Па правілах, новыя ўладары бастыёнаў ня маюць права перабудоўваць іх. Але могуць разьмясьціць тут сацыяльныя аб’екты (кавярню, боўлінг, краму) альбо офісы. Паколькі сьцены ў цудоўным стане, патрабуецца збольшага толькі ўнутраны рамонт. Адну з казармаў цытадэлі яшчэ ў мінулам годзе купіла царква “Слова Надзеі”. Сёньня яна адрамантаваная, храм дзейнічае.
Але некаторыя людзі мяркуюць, што варта быць пільнымі. Маўляў, некаму з улады можа здацца, што “старадаўнія” бастыёны псуюць выгляд іхнаму “саўрамённаму” лядоваму палацу. Людзі баяцца, што карпусы фартэцы могуць быць папросту цішком зьнесеныя, як гэта адбываецца ў многіх беларускіх гарадох...
Акрамя цытадэлі, зараз у Бабруйску абмяркоўваецца яшчэ адна гісторыя. Справа ў тым, што ў горадзе 12 помнікаў Леніну. І ўлады, замест таго, каб прыбраць іх, прызначылі кожнаму помніку “шэфа”. Гонар выпаў, сярод іншых, санаторыю імя Леніна, адміністрацыі Ленінскага раёна, фірме “ФанДок”, мясакамбінату ды 40 базе аховы. За галоўнага Ільліча на плошчы будзе адказваць дарожна-эксплюатацыйная служба. Усіх шэфаў папярэдзілі – калі стаўленьне да ўскладзенай місіі будзе халатнае, адказнасьць будзе суровая.