Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Казулін сустрэўся з сям`ёй 13:21, 16/07/2007
Тры дні правёў з дочкамі ў калоніі палітвязень Аляксандр Казулін. Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі дагэтуль не аднавіў здароўе пасля галадоўкі, якая цягнулася 53 дні. «Пачуваецца бацька не вельмі добра, ён дагэтуль не адышоў ад галадоўкі. Цяглічнай масы зусім няма. Увесь час слабасць, дрымотнасць. Ён спрабуе аднавіцца фізічна, рабіць практыкаванні, але з вялікай цяжкасцю. Вельмі баліць спіна», – паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 дачка палітвязня Вольга Казуліна. Пры гэтым дачка палітыка адзначае – Аляксандр Казулін не губляе надзеі выйсці на свабоду ў самы блізкі час.
Казулін не давярае турэмным лекарам і таму адмаўляецца ад шпіталізацыі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску. «Лекарам бацька не давярае. Яму прапаноўваюць ехаць абследавацца ў шпіталь, але ён лічыць, што яго могуць лячыць не тымі лекамі, могуць нешта не тое падсыпаць… Таму мы нават толкам не ведаем, на што бацька хворы. Ён проста дрэнна сябе адчувае», – распавяла Вольга Казуліна.
За адзін год і тры месяцы, праведзеныя ў турме, Аляксандр Казулін страціў каля 40 кілаграмаў вагі. Цяпер ён паступова набірае вагу. «Бацька цяпер важыць 85 кілаграмаў. Худзенькі, але, увогуле, выглядае нядрэнна», – гаворыць дачка палітвязня.
Самае галоўнае, што адзначаюць дочкі палітыка – на Казуліна ў турме працягваюць ціснуць. «У калоніі на бацьку працягваюць аказваць сур`ёзны ціск. Прэсінг аказвае кіраўніцтва. Іншым зняволеным забараняюць з ім мець узаеміны. І гэта нават не ўтойваецца – забароненае і ўсё. Бацьку нават не з кім цяпер пагуляць у настольны тэніс у свабодны ад працы час. Усе баяцца з ім мець стасункі», – адзначае Вольга Казуліна.
Дачка палітыка пацвердзіла інфармацыю, распаўсюджаную напярэдадні СМІ пра тое, што ў калоніі Казуліна спрабаваў збіць афіцэр з кіраўніцтва калоніі. «Гэта было, калі бацька выходзіў з галадоўкі. Гэты афіцэр – начальнік атрада – замахнуўся на бацьку, але тата адхінуўся. Гэта была спроба фізічнага ўздзеяння на яго, што, натуральна, забароненае. Самае гідкае, што бацьку хацелі ўдарыць тады, калі ён быў зусім саслабелым, ледзь-ледзь хадзіў, быў вельмі худым. І да яго такія метады ўжывалі… Гавораць, што калонія – гэтае адлюстраванне таго, што адбываецца ў дзяржаве. Я з гэтым цалкам згодная», – гаворыць Вольга Казуліна.
Вольга Казуліна таксама адзначае, наколькі дбайна і строга іх з сястрой абшуквалі перш чым правесці ў калонію. “Мяне не хацелі пускаць да бацькі, бо знайшлі ў кашальку 15 тысяч рублёў. Я проста забыла іх выняць... Паспрабавала растлумачыць, што, калі б хацела пранесці грошы для бацькі, то ўзяла б больш і відавочна не хавала бы іх у кашальку. А потым, у канцы агляду мяне ўвогуле прымусілі распрануцца да нага! Гэта проста абуральна...”, – распавядае дзяўчына.
Па словах дачкі палітыка, Аляксандр Казулін таксама не выключае, што можа быць вызвалены ў самы блізкі час. “З аднаго боку бацька разумее, што Лукашэнка можа быць вельмі мсцівым і яму прыйдзецца правесці ў турме ўсе 5,5 гадоў, але з другога боку бацька верыць, што ўсё ў руках Бога, і што рана ці позна ў краіне адбудуцца перамены”, – гаворыць Вольга Казуліна.
Фота з архіва: Аляксандр Казулін да турмы, пачатак 2006 года.