Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Журналіста «Gazety Wyborczej» не пусцілі ў Беларусь 13:46, 16/07/2007
Беларускія памежнікі не дазволілі праехаць з Варшавы ў Маскву карэспандэнту "Gazety Wyborczej" Вацлаву Радзівінавічу, паведаміў БелаПАН карэспандэнт выдання ў Гародні Андрэй Пачобут.
Па яго словах, інцыдэнт адбыўся ўначы 16 ліпеня ў Берасці. "Радзівінавіч з`яўляецца карэспандэнтам "Gazety Wyborczej" у Маскве, куды ён і накіроўваўся. У Берасці каля гадзіны ночы беларускія памежнікі пасля праверкі дакументаў папрасілі яго пакінуць цягнік. Да 6 гадзін раніцы яго трымалі на мяжы пад аховай, пасля чаго пасадзілі на цягнік, які рухаўся ў Польшчу", – сказаў Пачобут.
"Пры гэтым В.Радзівінавічу не паставілі ў пашпарт ніякіх адзнак, якія забараняюць уезд у Беларусь, – яму толькі параілі альбо лётаць у Маскву самалётам, альбо ездзіць туды праз Украіну", – адзначыў Пачобут.
Раней В.Радзівінавіч працаваў карэспандэнтам "Gazety Wyborczej" у Беларусі. У верасні 2006 года ён не атрымаў акрэдытацыю беларускага МЗС і змушаны быў пакінуць краіну.
Нагадаем таксама, што ў лютым 2006 года В.Радзівінавічу было адмоўленае ва ўездзе ў Беларусь, нягледзячы на наяўнасць усіх неабходных дакументаў. У сувязі з гэтым інцыдэнтам МЗС Польшчы накіроўваў ноту ў адрас беларускага знешнепалітычнага ведамства.