Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пра што ўмоўчала афіцыйная прапаганда? 15:43, 16/07/2007
Сёння беларускія афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Камітэт ААН па правах чалавека апублікаваў свае заключэнні па серыі скаргаў прыватных асоб. У прыватнасці, агенцтва БелТА паведаміла: «У выпадках зваротаў грамадзян у дачыненні ўрадаў Беларусі і Канады Камітэт ААН па правах чалавека не знайшоў сведчанняў якіх-небудзь парушэнняў». Хто падаў скаргу з Беларусі і на што гэты чалавек скардзіўся – афіцыйнае агенцтва замоўчвае. Сітуацыю растлумачыў у інтэрв`ю прэс-цэнтру Хартыі’97 прэс-сакратар Беларускага Хельсінкскага камітэта Зміцер Маркушэўскі.
Як паведаміў праваабаронца прэс-цэнтру Хартыі’97, скарга была пададзеная ў 2005 годзе грамадзянінам Беларусі Максімам Гаврыліным, які быў асуджаны за здзяйсненне крымінальнага злачынства. Пры занясенні паправак у Крымінальны кодэкс, санкцыя за здзейсненае ім правапарушэнне была паменшаная. Гаврылін палічыў, што пасля занясення паправак вынесены яму прысуд таксама павінен быць перагледжаны і прапарцыйна паменшаны тэрмін зняволення. Але тэрмін зняволення гэтага чалавека застаўся ў рамках тых санкцый, якія былі прадугледжаныя старым Крымінальным кодэксам.
Беларус звяртаўся ў суды, але безвынікова, таму падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пасля разгляду дадатковай інфармацыі ад беларускага ўрада Камітэт па правах чалавека прыйшоў да высновы, што злачынства Гаврыліна – грамадска небяспечнае і што з улікам шэрагу акалічнасцяў (гэты чалавек быў раней судзімы) скарга яго павінна быць адхіленая.
«На наш погляд, калі пераглядаецца крымінальнае заканадаўства і мякчэе адказнасць за якія-небудзь правапарушэнні, то варта пераглядаць справы і змяняць тэрміны зняволення прапарцыйна санкцыям, якія змяніліся. Гэта значыць, калі максімальны тэрмін зняволення па нейкім артыкулу быў 5 гадоў, а чалавека асудзілі на 3 гады, то з скарачэннем максімальнага тэрміна зняволення да 3 гадоў, прапарцыйна было б асудзіць чалавека на два гады», – пракаментаваў рашэнне Камітэта Зміцер Маркушэўскі.
Што тычыцца агульнага меркавання Камітэта па правах чалавека ААН у дачыненні скарг з Беларусі, то на дадзены момант Камітэт разгледзеў 15 скарг. Па 14-ці (!) з іх ён прыйшоў да высновы, што дзяржава парушае правы чалавека. І толькі па адной з іх парушэнні не пацвердзіліся.
Пра гэты факце БелТА, вядома, умоўчала.
Што тычыцца меркавання Камітэта па правах чалавека ААН аб захаванні грамадзянскіх і палітычных правоў ў Беларусі, то Камітэт на аснове інфармацыі, атрыманай пра краіну, неаднаразова адзначаў, што ў Беларусі парушаюцца грамадзянскія і палітычныя правы. Афіцыйны Менск павінен падаваць свае перыядычныя даклады Камітэту, аднак не выконвае гэтае абавязальніцтва з 2001 года. Па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі можна судзіць па дакладах былога спецдакладчыка ААН Адрыяна Севярына, а таксама няўрадавых арганізацый.