|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Свята па вертыкалі 13:03, 16/07/2007, Уладзімір Халіп
Два фэсты адбыліся ў краіне. Амаль адначасова. І нават калі б паміж імі быў вялікі прамежак, іх варта паставіць побач. Бо менавіта ў святле гэтых ні ў чым не падобных фэстаў рэжым паўстае ва ўсёй велічы і прыгажосці. Не зваліліся ж 125-е ўгодкі Купалы, як снег на галаву. Ведалі загаддзя. І грамадскасць пра тое нагадваць не стамлялася. Але іншы быў дзяржаўны клопат. Краіна, не шкадуючы сіл, рыхтавала галоўны выбух лета – “Славянскі базар”. Ён жа павінен грымнуць на ўвесь свет. Дзе нарадзіўся Купала? Дзе тая Вязынка? Вось і цудоўна! Няхай мясцовая вертыкаль і займаецца тымі ўгодкамі. А сталіца дапаможа, чым можа. Перад усім – таварышамі ў цывільным. У раёне як святкуюць? Пластмасавыя сталы, палаткі, піва. Потым – мастацкая самадзейнасць. Няхай пяюць і таньчаць. Адказныя працаўнікі вертыкалі аздобяць усё прамовамі, нададуць святу адпаведны ідэйны накірунак. Паэты з прававернага Саюза расставяць паэтычныя акцэнты. Сумна?.. Дык гэта вінаваты дождж! А ўвогуле, чым не фэст? Звычайны, традыцыйны, тутэйшы. Гэта дзе-небудзь там, ва Ўкраіне, уся ўлада на шаўчэнкаўскіх угодках належыць украінскаму слову. А мы – іншыя. Тут і Купалаўскае свята – толькі нагода, каб у належным накірунку скіраваць электарат. Аднак і ў зацверджаным сцэнары трапляюцца неспадзяванкі. Як гэта было на фэсце папярэднім. Той ліпень быў спякотным. Два вядомыя паэты, стаміўшыся на сонцы, пайшлі да яблыні, ў цень. І раптам заўважылі нешта фантастычнае. Іх, паэтаў, нібы варожых кулямётчыкаў, амапаўцы бяруць у аблогу. Імгненна, прафесійна замкнуўся ланцужок. А па той бок яго бегалі ўжо нейкія чыны, па радыётэлефонах дакладаючы наверх. Але там, у сталіцы, цвярозая галава ўсё ж знайшлася. Ланцуг распаўся, міліцыянты зніклі. Потым ужо стала вядома, што пакуль паэты шукалі ценю, паспеў выступіць Уладзімір Някляеў і зачапіў крыўдлівую ўладу. І пайшла каманда: ізаляваць усіх ненадзейных. І гэтым разам без нечаканасцяў не абышлося. Завітаў на свята Аляксандр Мілінкевіч. Не ўліўшыся ў народ, які піў піва, скіраваўся ён да тых, хто адасобіўся ля помніка паэту. Яны спявалі беларускія песні. Мілінкевіч усклаў да помніка кветкі. І зноў аднекуль з’явіліся міліцыянты. І таварышы ў цывільным пачалі здымаць усіх на відэакамеру. Вось так і ператварылася Купалаўскае свята ў вертыкальны фэст з амапаўскім акцэнтам. Трэба ж усім нарэшце зразумець, што ёсць празаікі, паэты ды розныя там мастакі, чыя творчасць не стасуецца з магутнай плынню ідэалогіі рэжыма. І таму з удзячнасцю неабходна прымаць нават сціплыя знакі ўвагі да іх. І варта ўсвядоміць, што ўсе сілы і сродкі, уся моц дзяржавы скіраваны зараз на тое, што ідэалогію акрыляе і прыносіць карысць. Не Вязынка, а Віцебск у гэтыя дні прыцягнуў увагу улады. Там, на “Славянскім базары”, яе інтарэсы. Ва ўсім свеце папса – гэта бізнес, клопат тых, хто на ім зарабляе. І толькі ў нас – дзяржаўны прыярытэт. Збіраюцца прадзюсеры і спевакі ў Сопаце. У Зялёнай Гуры. У Юрмале. Але нідзе ім улада ў патыліцу не дыхае і ідэйных акцый ад іх не патрабуе. І ніхто тыя спевы не даводзіць да такога маштабу, за якім пачынаецца ўжо абсурд. А тут з самага пачатку мелася на ўвазе нешта зусім адметнае. Гэта – найвялікшы фэст саюзнай дзяржавы. Так бы мовіць, сход славян. А ў такім разе, з’явіцца там рана ці позна і кіраўніцтва вядучых славянскіх дзяржаў. І тады тыя рускія, што са знакам якасці, усім такое пакажуць, што зразумее кожны, хто ў свеце славянскім галоўны. Але ў папсы – свае законы. І дасягнуўшы такога маштабу, перакуліла яна ўсе задумы. Выйшла з берагоў. І затапіла краіну. Калісьці шлях у Беларусь ведалі добра Іегудзі Менухін, Святаслаў Рыхтэр, Вэн Клайберн, Мсціслаў Растраповіч. А каго мы ўзгадаем апошнім часам? Які славуты аркестр, вядомы тэатр наведалі Мінск? Якая ўвогуле падзея ў мастацтве ўскалыхнула соннае наша жыццё? Можна спрачацца на гэты конт. Але ў выніку ўсё роўна выплыве той жа прывід – “Славянскі базар”. У галовы людзей настойліва ўбіваецца думка, што гэта і ёсць найвышэйшы ўзровень мастацтва. І хацела таго ўлада, ці не хацела зусім, але менавіта “Славянскі базар” сфармаваў канчаткова тутэйшую ідэалогію, у аснове якой тры кіты – піва, папса і амон. І як жа ў гэтай краіне знайсці дарогу ў Вязынку? hhhhh
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|