|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Юры Хадыка: Будаваць незалежную дзяржаву трэба разам 10:04, 18/07/2007 -- Спадар Юры, узгадайце, калі ласка, як прымалася Дэкларацыя аб суверэнітэце? -- Я на той час не быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. З’яўляўся толькі намеснікам Старшыні Беларускага народнага фронту Зянона Пазняка. 12 чэрвеня дэкларацыю аб незалежнасці прыняла Расея. Гэта падштурхоўвала тагачасны Вярхоўны Савет да распрацоўкі аналагічнага нацыянальнага дакумента. Фракцыя БНФ распрацавала свой варыянт дэкларацыі, які сустрэў катэгарычнае непрыняцце камуністычнай большасці дэпутацкага корпуса. Тады за рэдагаванне прапанаванага варыянту ўзяўся Станіслаў Шушкевіч, які змягчыў вострыя вуглы. Кур’ёз у тым, што за некалькі хвілін да галасавання па дэкларацыі фракцыя БНФ у знак пратэсту супраць змягчэлага Шушкевічам варыянта дакумента пакінула залу пасяджэнняў. У выніку Дэкларацыя аб суверэнітэце была прынятая абсалютнай большасцю пракамуністычнага парламенту, прычым без удзелу фракцыі БНФ. Хаця, гэта была нармальная на той час дэкларацыя, для абурэння якой у БНФ не было важкіх падстаў. Дэкларавалася незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, усё іншае, што патрэбнае для такіх дакументаў. Не было хіба што катэгарычнасці, якая прысутнічала ў дакуменце ад фракцыі БНФ. -- Што з дэклараванага не ўдалося здзейсніць за 17 гадоў? -- Цалкам самастойная палітыка, якая дэкларавалася ў варыянце фракцыі БНФ, не была рэалізавана за апошнія гады ў поўнай меры. Вы ведаеце, што суверэнітэт пры Лукашэнка быў разменнай манетай, фактычна, якім ён умела гандляваў, набываючы некаторыя эканамічныя прывілеі. Толькі зараз незалежнасць набывае рэальныя формы. Але мы страцілі час, які іншыя краіны скарысталі да адаптацыі да новых умоў і свайго нацыянальнага і эканамічнага развіцця. Ідэі дыверсіфікацыі энергапаставак, стварэння Балта-чарнаморскай садружнасці выказваліся яшчэ 17 год таму. Зараз яны зноў сур’ёзна разглядаюцца, як альтэрнатыўныя варыянты забеспячэння еўрапейскіх краін энерганосьбітамі. Нягледзячы на ўвядзенне двухмоўя, ліквідацыю мяжы з Расеяй, замаруджванне адраджэння нацыянальнай культуры, мы паступова набліжаемся да рэальнай незалежнасці. Дай Бог, каб прыватныя інтарэсы Лукашэнкі не прывялі да скажэння ідэі незалежнасці, якая рэалізавана ў еўрапейскіх краінах. -- Дзе ў такім выпадку бачны прагрэс на шляху будаўніцтва незалежнасці? -- Яшчэ пры ўрадзе Кебіча сур’ёзна вялася гаворка пра ўвядзенне расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі. Гэта была вялікая пагроза для суверэнітэту. Цяпер гэтая небяспека адсунулася. Потым пачалося будаўніцтва “саюзнай дзяржавы”. Спатрэбілася 10 год, каб стала зразумела, што канстытуцыйнага акту ніколі не будзе прынятае. Калі Масква пачала пазбаўляць рэжым Лукашэнкі прэферэнцый, мы пачынаем жыць самастойна. -- Ці існуе пагроза суверэнітэту з боку Расеі? -- Расея рынкавымі цэнамі на энерганосьбіты хоча падштурхнуць Беларусь да прыватызацыі, каб набыць перспектыўныя беларускія прадпрыемствы. Гэта ўскоснае наступленне на суверэнітэт, праз эканоміку. Гэта таксама пагроза, калі ў нас не будзе сістэмы абароны нацыянальных інтарэсаў, калі не будзе дэмакратызаваная палітычная сістэма, не будуць праведзены свабодныя выбары, якія сфарміруюць нацыянальна адказную ўладу. Гэта пагроза продажу суверэнітэту на выгодных для клана ўмовах. Яна пакуль прысутнічае. -- Ці магчымае ўзаемадзеянне апазіцыі і ўладаў дзеля захавання незалежнасці? -- Узаемадзеянне дэмсілаў з уладамі дзеля захавання суверэнітэту не толькі магчымае. Яно нават пажаданае, калі мы хочам з найменшымі выдаткамі для насельніцтва Беларусі ажыццявіць дэмакратызацыю. Захад з хадайніцтва дэмакратычных сілаў можа аказаць эканамічную падтрымку дзяржаве, але толькі пры наяўнасці сустрэчных крокаў, правядзення пэўных палітычных рэформаў, у першую чаргу рэформы выбарчай сістэмы. Гэты час абавязкова прыйдзе, бо няма падстаў лічыць, што рэжым без рэфармавання палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сістэмаў пераадолее крызіс, які насоўваецца. -- Што нас чакае ў перспектыве? -- Песімістычныя прагнозы могуць сабе дазволіць толькі людзі не звязаныя з апазіцыяй. Я спадзяюся што хопіць розуму, узаемнай адказнасці ў улады і апазіцыі, каб пазбегнуць горшых варыянтаў развіцця сітуацыі, то бок поўнай ізаляцыі Лукашэнкі, загнання яго ў кут. Гэта румынскі варыянт, які нічога добрага не прыносіць. Я лічу, што Лукашэнка, пры ўсіх ягоных недахопах, памылках, вядзе Беларусь па шляху ўмацавання яе незалежнасці, падвышэння свядомасці яе народу, няхай скажонай, няправільнай. Паступова ўсведамленне сваёй нацыянальнай адметнасці, нацыянальных інтарэсаў расце ў краіне. Ужо за гэта варта не заганяць Лукашэнку ў кут пагрозамі пра крымінальную адказнасць, немінучую расплату за ягонае ўладарства. У справе захавання суверэнітэту дэмакратычныя сілы павінны дапамагаць уладзе ў тым ліку выкарыстоўваючы свае добрыя стасункі з Захадам. У гэтай справе ўжо ёсць пэўныя вынікі. Еўропа прыняла шэраг дакументаў, якія абяцаюць Беларусі вялізныя магчымасці эканамічнай падтрымкі ў адказ на дэмакратызацыю. І гэта вельмі дарэчы зараз, калі стасункі з Расеяй пагаршаюцца. Але дапамога з боку Еўропы павінна ісці толькі ў адказ на саступкі Беларусі ў прынцыповых пытаннях палітычнага і эканамічнага рэфармавання.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|