Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Запазычанне ўладамі лозунгаў апазіцыі можа сведчыць пра пачатак ідэалагічнага раззбраення афіцыйнай Беларусі. Пра гэта заявіў 17 ліпеня журналістам намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
11 ліпеня, нагадвае БелаПАН, друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” параўнала афіцыйны лозунг "За Беларусь!" з апазіцыйным "Жыве Беларусь!", сцвярджаючы, што гэта, "у сутнасці, адно і тое рознымі словамі". "Няўжо сцвярджаць, што яна жыве (не памірае, не гіне – божа ўратуй!), – штосьці незвычайнае ці, яшчэ не хапала, выключнае права нейкіх партый?" – задало пытанне выданне.
В.Івашкевіч адзначыў, што перабудова ў СССР пачыналася з таго, што камуністычная партыя стала трансфармаваць свае ідэі, запазычаючы лозунгі, думкі дысідэнтаў, палітычных апанентаў. Па такім жа шляху, лічыць ён, пайшлі і сённяшнія беларускія ўлады.
Па словах В.Івашкевіча, улады "пачалі пераходзіць на нашы пазіцыі, хай і крыва, не так, як хацелася б". Ён лічыць, што гэта звязанае з палітычным і эканамічным становішчам Беларусі, якое апошнім часам змянілася. У прыватнасці, мяркуе В.Івашкевіч, адмена датацый з боку Расеі не дазваляе ўладам у рамках дыктатуры дамагчыся прагрэсу ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
В.Івашкевіч прапанаваў уладам пераймаць і іншыя ініцыятывы апазіцыі: дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства, выпусціць палітычных зняволеных.
У той самы час намеснік старшыні Партыі БНФ не выключае, што сёння ідучы на некаторыя саступкі, заўтра, пры акалічнасцях, якія зменяцца, улады "здольныя ўсё вярнуць назад".