Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Урад Расейскай Федэрацыі чарговым разам падвысіў стаўкі вывазных пошлін на нафту. Гэтыя стаўкі, нагадаем, з 1 студзеня 2007 года дзейнічаюць і для Беларусі. За цяперашні год гэта ўжо трэцяе і самае сур`ёзнае падвышэнне пошлін. Гэтым разам расейская нафта раптоўна стала для нас даражэйшай больш як на 10%.
Рашэнне аб чарговым падвышэнні вывазных пошлін на нафту Міхаіл Фрадкоў падпісаў яшчэ 14 ліпеня, але ў адрозненне ад мінулых падвышэнняў гэтым разам для Беларусі яно прайшло неўзаметку. Дакладней будзе сказаць, неўзаметку для простых грамадзян. Урад Беларусі быў адразу ж пра гэта паінфармаваны, але ён вось ужо амаль тыдзень ні слова пра гэта не гаворыць. Хоць Сяргей Сідорскі павінен быў неадкладна падпісаць пастанову і падвысіць беларускія вывазныя пошліны на нафту, зраўняць іх з расейскімі. Інакш дзяржава будзе несці эканамічныя страты. Але, здаецца, ва ўрадзе вырашылі панесці нейкія страты, але не бударажыць чарговым разам грамадскасць. Тым больш што ва ўладных кругах сёння вельмі неспакойна, аналізуе сітуацыю «Ежедневник».
Варта адзначыць, што за 2007 год Расея ўжо тройчы падвышала вывазныя пошліны на нафту, і, як мяркуюць аналітыкі, гэта не ў апошні раз. Чакаецца, што чарговая прыкрая неспадзеўка нам будзе паднесеная да кастрычніка. На дадзены момант агульнае падвышэнне пошлін на нафту ў 2007 годзе склала ўжо амаль 25%. Улічваючы, што за год Беларусь збіралася знізіць энергаёмістасць ВУП на 7–8%, такія нязменныя падвышэнні пошлін практычна зводзяць на нуль усе намаганні беларускага ўрада па эканоміі сродкаў на энергарэсурсах. Ці варта казаць, што пастанова Саўміна Беларусі аб сцвярджэнні для ўсіх ведамстваў паказчыкаў па беражлівасці (дакумент прыняты ў выкананне дырэктывы Лукашэнкі) у такіх умовах таксама амаль невыканальная.
Нялішнім будзе нагадаць, што цяпер Беларусь пажынае плён уласнай нядобрасумленнасці. Бо першапачаткова вывазныя пошліны на нафту дзейнічалі толькі на "чорнае золата", якое вывозіцца за межы дзяржаў – удзельнікаў пагадненняў аб мытным саюзе. Пошліны для Беларусі былі ўведзеныя толькі з 1 студзеня 2007 года. "У мэтах абароны эканамічных інтарэсаў Расейскай Федэрацыі, прымаючы да ўвагі скасаванне Рэспублікай Беларусь Пагаднення паміж Урадам Расейскай Федэрацыі і Урадам Рэспублікі Беларусь аб парадку размеркавання і залічэння ў адпаведныя бюджэты Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь вывазных мытных пошлін на экспартаваную беларускімі прадпрыемствамі прадукцыю, вырабленую з расейскай сыравіны, ад 12 траўня 1995 г., Урад Расейскай Федэрацыі пастанаўляе…" – абвяшчала адпаведная пастанова расейскага ўрада.
Такім чынам, з гэтага часу вывазная пошліна на сырую расейскую нафту складае 223,9 даляры (на пачатку года было 180 даляраў) за тону. На лёгкія і сярэднія дыстыляты, а таксама на газойлі – 163,2 даляра (133,4 даляра). На прапан, бутан, этылен, прапілен, бутылен і іншыя звадкаваныя газы – 163,2 даляры (133,4 даляры).
Як відаць, не толькі ў адсоткавым, але і ў грашовым выразе падвышэнне вывазных пошлін на нафту выглядае вельмі істотна. Пры гэтым і з газам у нас не ўсё так добра, як планавалася і як таго хацелася б. Як паведамілі ўчора некаторыя выданні, на днях у Маскву для перамоў з "Газпромам" прыляцела дэлегацыя топ-мэнэджэраў ААТ "Белтрансгаз". Падставай для візіту нібыта сталі праблемы з аплатай пастаўленага ў Беларусь газу. Як мяркуюць некаторыя эксперты, беларускі бок хоча змяніць умовы аплаты блакітнага паліва, бо не паспявае своечасова плаціць за ўсе пастаўкі. Прасцей кажучы, нам як паветра патрэбныя фінансавыя паслабленні, але шанцаў іх атрымаць практычна няма. Насупраць, як упэўніваюць эксперты, з "расейскага боку ёсць імкненне падвысіць цэны на газ да сусветнага ўзроўню – 280 даляраў за тысячу кубаметраў". І гэта не дзіўна, улічваючы, што па нафце рост вывазных пошлін расце ўвесь час. Пэўна, гэта і ёсць сапраўднае збліжэнне брацкіх народаў, пра якое ўвесь час гаворыць Дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павел Барадзін.