|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Яраслаў Раманчук: Адмоўнае сальда прывядзе да дэвальвацыі 13:13, 20/07/2007 Даволі доўга ўтрымліваць курс рубля, пры пагаршэнні сітуацыі з энергарэсурсамі, на думку эканаміста, дазволілі продаж пакета акцый «Белтрансгаза» і прыцягненне знешніх пазык. «Краіна за першыя паўгода ўзяла больш мільярда даляраў крэдыту, і акрамя таго, атрымала сродкі ад продажу 12,5% акцый «Белтрансгаза». Сітуацыя з знешнегандлёвым сальда магла быць і горш, але ў нас склалася ў першым паўгоддзі нядрэнная кон’юктура на калійныя ўгнаенні, металургічную, хімічную прадукцыю. Нядрэнна ішлі справы з машынабудаваннем», – лічыць эканаміст. «Тым не менш, рост адмоўнага знешнегандлёвага сальда пры адсутнасці інвестыцый і неразвітасці рынку каштоўных папер непазбежна прывядзе да пагаршэння аплатнага балансу. У нашых прадпрыемстваў абаротнага капіталу не хапае. Цэны за энергарэсурсы рэзка ўзраслі. Дзяржава не дазваляе скарачаць працоўную сілу і памяншаць зарплату. Таму наяўныя цяпер дадатковыя крыніцы фінансавання цягам года могуць паменшыцца», – мяркуе эксперт. Акрамя таго, на думку эканаміста, знешнія крэдыторы паменшаць прапанаваныя аб`ёмы фінансавання з прычыны боязі. Ужо цяпер Мінфін мае складанасці з размяшчэннем ДКА, фактычна прымушаючы банкі гэта рабіць. Гэта сігнал для знешніх крэдытораў таго, што ўстойлівасць беларускай фінансавай сістэмы не такая як гэта ўяўляе Савет Міністраў і Нацыянальны банк. «Летась сальда было станоўчым, а за мінулыя паўгода адмоўная велічыня вырасла да 4% ВУП. Дадзеныя па аплатным балансе стануць вядомыя ў жніўні, але я не думаю, што наяўная тэндэнцыя зменіцца. Міжнародны валютны фонд пасля аналізу нашай эканомікі адной з істотных рызык для нас адзначыў хуткі рост адмоўнага сальда знешнегандлёвага балансу», – нагадвае эканаміст. Такім чынам, ціск на беларускі рубель узрасце. Паніжэнне курсу рубля да еўра прыкметнае ўжо цяпер. Краіна сутыкнецца з дэфіцытам валюты. Дэвальвацыі беларускага рубля, калі Нацбанк не зможа звязаць грашовую масу, не пазбегнуць. Гэта выкліча паніжэнне ўзроўню жыцця (давядзецца жыць па сродках), але затое нармалізуе знешнегандлёвае сальда. «Істотным фінансавым шокам, якія назіраліся ў Тайландзе, Расеі, Мексіцы папярэднічала пагаршэнне аплатнага балансу, калі стала немагчымым абслугоўваць даўгі. Калі мы не здолеем плаціць за імпарт (а вялікая яго частка ў нас крытычная) то нам давядзецца альбо самім скараціць спажыванне, альбо мы, калі працягнем не прымячаць праблемы, прыйдзем да сітуацыі дэфолту», – разглядае розныя варыянты развіцця сітуацыі эканаміст. Такім чынам, ва ўсялякім выпадку адбудзецца падзенне ўзроўню жыцця беларусаў. Яраслаў Раманчук раіць вельмі ўважліва сачыць за стаўкамі дэпазітаў. Калі банкі не будуць адпаведна паніжэнню курсу рубля падвышаць працэнтныя стаўкі, то грошы ўкладчыкаў пачнуць фінансаваць промахі дзяржавы ў фінансавай палітыцы. Тады мэтазгоднасць захоўвання ўкладанняў у банк можа апынуцца сумнеўнай. Дэвальвацыя заснаваная ў вялікай ступені не на факце, а на чаканні. Чаканне дэвальвацыі ў краіне ёсць.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|