Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Яраслаў Раманчук: новым прэм`ерам можа стаць кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч 13:09, 23/07/2007
Калі Аляксандр Лукашэнка ўсё ж вырашыць адправіць у адстаўку Сяргея Сідорскага, то найбольш прыдатнай фігурай на пасаду прэм`ер-міністра з`яўляецца Пётр Пракаповіч. Такое меркаванне ў інтэрв`ю выказаў кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Яраслаў Раманчук.
Як вядома, у суботу расейскае выданне «Коммерсант» апублікавала артыкул, у якім, са спасылкай на крыніцы ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, сцвярджае, што дні Сяргея Сідорскага на пасадзе кіраўніка ўрада падлічаныя. Паводле інфармацыі «Коммерсанта», указ пра яго адстаўку ўжо падпісаны Лукашэнкам, і будзе апублікаваны ў самыя блізкія дні.
«Я думаю, што на крэсла прэм`ера маглі б прэтэндаваць тры чалавекі – кіраўнік Нацыянальнага банку Пракаповіч, мэр Менска Паўлаў і кіраўнік гарадзенскага аблвыканкама Саўчанка. Але першы ў гэтым спісе – Пётр Пракаповіч, – сказаў Яраслаў Раманчук «Беларускаму партызану». – Справа тут не ў прафесійных якасцях, а ў яго абсалютнай лаяльнасці, бо да фармавання чыста тэхнакратычнага ўрада, гэта значыць урада, які складаецца з людзей, што будуць выконваць сваю працу, не асцерагаючыся за палітычныя наступствы, у нас яшчэ вельмі далёка».
На думку Яраслава Раманчука, Пётр Пракаповіч вельмі добра сябе выявіў на пасадзе старшыні ўпраўлення Нацыянальнага банку, здолеўшы зрабіць з яго «самы прагрэсіўны (наколькі гэтае слова магчыма ўжыць у дачыненні Беларусі) орган упраўлення ў краіне». «Ён не звольніў амаль нікога з галоўных прафесіяналаў у Нацыянальным банку, якія працавалі яшчэ з часу Багданкевіча. І нават прыслухваўся да іх парад», – адзначыў эксперт. Акрамя таго, да немалаважных вартасцяў Пятра Пракаповіча, на думку аналітыка, можна аднесці тое, што «ён не валодае ніякімі палітычнымі амбіцыямі і асабістымі прэтэнзіямі на ўладу», дадаў Раманчук.
Як лічыць эксперт, новаму кіраўніку ўрада для ўтрымання эканамічнай сітуацыі пад кантролем неабходна будзе прыняць шэраг непапулярных мер: адмовіцца ад субсідавання стратных вытворчасцяў, падвысіць тарыфы на энергію, транспартныя паслугі і паслугі ЖКГ, а таксама «прафесійна выбудаваць стасункі з Расеяй» і знайсці спосаб палепшыць дзелавыя стасункі з Захадам, каб разлічваць на прыцягненне інвестыцый з Еўропы.
Праўда, эксперт не выключае і таго, што замест вядомай у наменклатурных колах фігуры ў прэм`ерскае крэсла сядзе мала каму вядомы кіраванец. «Гэта будзе залежаць ад таго, якія задачы паставіць перад новым прэм`ерам Лукашэнка. Калі яму трэба прыняцце рашучых дзеянняў для выраўноўвання сітуацыі ў эканоміцы, то гэта павінна быць знакавая для наменклатуры фігура. А калі гэта дачаснік, то тады гэта можа быць якая-небудзь баба Насця з фінансавага ўпраўлення Жабінскага райвыканкама», – сказаў Яраслаў Раманчук.