Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
2324 25 26 27 28 29




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Будуем мост?
12:14, 23/07/2007, Уладзімір Халіп

Добрая ідэя – птушка рэдкая. Апошнім часам у наш край яна залятае не часта. Таму кожнае з’яўленне яе грамадства ўвагай не абмінае. Што сёння па-сапраўднаму хвалюе Беларусь? Безумоўна, будучыня наша. Куды ідзем? Што нас чакае заўтра? І ўвогуле, што мы нарэшце збудавалі?

Менавіта на гэтым накірунку варта было чакаць калі не прарыву, то ва ўсякім разе прыкметнага ўсплёску філасофскай думкі. Настолькі відавочнымі былі настроі беларускага грамадства, што недзе на самым версе стварылі нават адмысловую групу мысліцеляў, перад якімі паставілі задачу: акрэсліць урэшце рэшт нацыянальную ідэю. Ці то ў хлопцаў пітва было замала, ці падручнікі не тыя, але працэс мыслення не пайшоў. А ў хуткім часе і задума тая сышла ў пясок.

Аднак паціху, спакваля, сякая-такая ідэйка неўзабаве ўзнікла. І была яна на першы погляд неблагой. Каму прыйшла ў галаву, ужо сёння не ўзгадаць. Але прывабнасць і прастата ідэі той былі бясспрэчныя настолькі, што знайшла яна шырокі водгук. І нібы той прывід, што блукаў калісьці па Еўропе, пачала авалодваць масамі.

Беларусь – паміж усходам і захадам. Вось і наканавана ёй самой прыродай быць быць своеасаблівым мостам паміж гэтымі часткамі свету. Калі больш дакладна, паміж Еўразвязам і Расійскай Федэрацыяй. А зусім канкрэтна – краінай транзітнай. Чым не ідэя?

І вось ужо у выступах і палымяных прамовах палітыкаў злева, справа і з самога цэнтру чуецца гэта дзівоснае слова – мост. Вось ён, шлях да паразумення. Нарэшце мы знайшлі сваё шчасце – будзем мостам. Які ўсеабдымны вобраз – мост!

Але нейкія прыкрыя згадкі атручваюць шалёную радасць адкрыцця. І бачыцца найперш той гогалеўскі летуценнік, які над сваёй сажалкай збіраўся ўзвесці каменны мост. Аднак ягоная ідэя была гуманнай і жыццесцвярджальнай. Ён жа хацеў, каб на мосце тым стаялі крамы, у якіх на радасць усім сядзелі б гандляры.

У балканскім Мостары калісьці берагі ракі злучаў каменны мост. Такі дзівосны, старажытны, што быў нават абвешчаны сімвалам непарушнай дружбы. Ён злучаў не толькі берагі, але і дзве абшчыны, якія былі раздзелены ракой. А потым дружба перарасла ў канфлікт, і братняя артылерыя раздзяўбла той мост у друз.

Ды і наш пакуль што віртуальны мост асаблівага натхнення не выклікае. Гэта ж толькі ўявіць: натоўп сюды, натоўп туды! Як жыць на гэтым мосце? Ці можа, пад мостам?..

Нешта дзіўнае ў нашай краіне з ідэямі. То абвяшчаем сябе прахадным дваром, а то збіраемся ўвогуле з гранатамі класціся пад натаўскія танкі, баронячы Маскву. А можа, не кідацца ў экстрым? У свеце процьма краін, якія з’яўляюцца транзітнымі. Але нікому там не прыходзіла ў галаву прызнаць сябе нейкім мостам. Паміж Нямеччынай і Гішпаніяй, або паміж Чэхіяй і Аўстрыяй. Нядаўна Швейцарыя завершыла будаўніцтва пад горным масівам унікальнай транспартнай трасы даўжыней аж 35 кіламетраў, але чамусьці ніхто там не здагадаўся з гэтай нагоды абвесціць краіну тунелем.

Нешта не шанцуе нам у ідэйных пошуках. Можа, наспеў нарэшце час і нашаму грамадству не чакаць падарункаў ад улады, а на сябе ўзяць адказнасць за гэтыя пошукі. Або хаця б не выстаўляць сябе на смех перад усім светам, паўтараючы фармулёўкі прыўладных ідэолагаў, а ціхенька, спакойна расставіць мэблю у сваёй хаце. Навесці нейкі парадак ва ўласнай галаве. І ўспомніць, што мы не ўчора нарадзіліся на свет, а дзяржаве нашай – тысяча гадоў. І была краіна наша не глухім улусам якой-небудзь арды, а дзяржавай Еўропы. Дзяржавай, якая адной з першых на кантыненце пераклала Біблію на сваю мову. І адной з першых прыняла сапраўдную еўрапейскую канстытуцыю – “Статут Вялікага княства Літоўскага”.

Вось там, у той дзівоснай кнізе, якую так часта ўзгадваюць, але не надта любяць чытаць, і закладзена нацыянальная наша ідэя. Гэта – уласная дзяржава ў Еўропе. Роўная між роўных. У якой утульна жыць. І якой варта ганарыцца. Краіна, якая гарантуе правы грамадзян і недатыкальнасць уласнасці. Дзяржава, дзе не пануе вертыкаль, дзе існуе сапраўднае самакіраванне гарадоў, дзе абавязкі ўлады перад грамадствам акрэслены старанна, падрабязна і дакладна.

І ўсе балючыя нашы праблемы – мовы, культуры, гісторыі – усё гэта вырашыць можна толькі ў дзяржаве еўрапейскай. А на ўсходзе – якая там перспектыва? Там пройдзены шлях. Чужы хлеб. І ўсё тыя ж шэсць губерній.

Так, мост будаваць нам трэба.

Толькі не паміж усходам і захадам. А паміж Краінай Беларусь і дзяржавай нашых продкаў – Вялікім княствам. Без яго еўрапейскай гісторыі, без яго духоўнай спадчыны нічога людскага мы тут не пабудуем.

hhhhh


камэнтароў: 12

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: