Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ці ёсьць выйсьце з «газавага» тупіку? 17:48, 26/07/2007
Намесьнік старшыні праўленьня «Газпрому» Валеры Голубеў, які ачольвае дэлегацыю расейскага канцэрну на перамовах аб пагашэньні беларускіх даўгоў за газ, пакінуў Менск і сёньня знаходзіўся ў Маскве. У прэсавай службе «Газпрому» паведамілі таксама, што беларускіх перамоўнікаў сёньня ў іхным канцэрне не было. Ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра вынікі перамоваў на гэты момант няма.
Адзін з супрацоўнікаў «Газпрому» на пытаньне «Радыё Свабода», ці адбываюцца сёньня газавыя перамовы, на ўмове ананімнасьці адказаў так: калі яны і працягваюцца, дык толькі на ўзроўні экспэртаў. Ён таксама дадаў, што да 30 ліпеня навінаў, мабыць, ня будзе. Менавіта ў гэты дзень чакаецца візыт у Маскву беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага.
Беларускі бок па-ранейшаму просіць расейскіх партнэраў адкласьці тэрмін поўнай аплаты за выкарыстаны сёлета газ. Беларусь пацьвярджае гатоўнасьць плаціць пэню з сумы амаль у 500 мільёнаў даляраў. Разьлічыцца за газ патрэбна было не пазьней за 23 ліпеня. Некаторыя эканамісты гавораць, што неабходныя для гэтага грошы ёсьць. «Радыё Свабода» паспрабавала высветліць у экспертаў, чаму Беларусь так просіць адтэрміноўкі.
«Я б не сказаў, што ў Беларусі надта багата грошай. Ну, ёсьць беларускія рублі. Але ж ёсьць і слабая магчымасьць канвэртаваць іх у больш моцныя валюты. Мне здаецца, што валюты моцна не хапае», – лічыць дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.
«Калі расейскі прэзыдэнт неаднаразова заяўляў, што пераход на рынкавыя дачыненьні з усімі — гэта пытаньне вырашанае, дык павесьці сябе нярынкава Расея ўжо ня можа, не згубіўшы пры гэтым свайго твару. Што ж тычыцца Беларусі, дык для яе гэта таксама надзвычай важнае пытаньне. І таму наперадзе відаць тупік, які ня факт, што будзе вырулены нават на найвышэйшым узроўні», – мяркуе эксперт.
«Грошы ёсьць. Але гэта, шчыра кажучы, ужо пэўная псіхалягічна-наркатычная залежнасьць, якая нават не дазваляе падумаць лягічна і прыняць рынкавае рашэньне. Можна было б ужо і не прыніжацца, а проста выконваць дамоўленасьці.», – мяркуе былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч.
Былы міністар лічыць, што Масква не сатупіць. «Яна скажа яшчэ раз: не хапае грошай, ну дык прадайце яшчэ нешта. Напрыклад, гарадзенскі «Азот». Але цэны будуць ужо ня рынкавыя, а тыя, што прадыктуе Масква», – выказвае думку Міхаіл Марыніч.