Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуская мадэль на парозе краху? 11:41, 27/07/2007
Палітычны лёс беларускага прэм`ера залежыць ад Масквы. У панядзелак, паводле інфармацыі «Независимой газеты», адбудзецца сустрэча прэм`ер-міністраў Беларусі і Расеі. Сяргей Сідорскі прыедзе ў Маскву абмеркаваць умовы адтэрміноўкі плацяжоў за газ, а таксама магчымае вылучэнне для Беларусі расейскага крэдыту. У адваротным выпадку крызіс можа грымнуць крызіс.
Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, якому СМІ прадказвалі хуткую адстаўку, пакуль застаецца ў сваім крэсле. Паводле інфармацыі крыніц «НГ», ідэя змены кіраўніка ўрада сапраўды лунае ў калідорах беларускай улады з пачатку гэтага года, але, на думку экспертаў, яе рэалізацыі перашкаджаюць некаторыя акалічнасці.
Аляксандр Лукашэнка, відавочна, не вызначыўся з тым, які ўрад яму патрэбны. Эканамічныя рашэнні Лукашэнка пакуль не даюць падстаў меркаваць, што Менск пачне маштабныя рынкавыя ператварэнні, – 10 патэнцыйным замежным інвестарам з Ірана, Егіпта, Аўстрыі і Кіпра адмовілі ў супрацоўніцтве па мадэрнізацыі цэментавых заводаў. Сёлета гэтыя прадпрыемствы пачалі акцыянаваць для далейшага прыцягнення інвестараў. Але ў апошні момант Лукашэнка вырашыў не расставацца з кантрольнымі пакетамі.
Цяперашні ўрад спраўна выконвае ўсе «загады кіраўніка дзяржавы». А Сяргея Сідорскага можна назваць самым выканаўчым прэм`ерам перыяду Лукашэнкі. Пагаворваюць, што для яго, у адрозненне ад папярэднікаў, не існуе слова «не». Валявы і жорсткі, ён выціскае максімум магчымага з выбудаванай Лукашэнкам камандна-адміністрацыйнай эканамічнай мадэлі. Аднак ва ўмовах пераходу на рынкавыя стасункі з Расеяй беларуская мадэль эканомікі нежыццяздольная.
Паніжэнне прыбыткаў ад нафтаперапрацоўкі, рост цэнаў на энерганосьбіты падводзіць аплатны баланс краіны да крытычнай рысы. Адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу імкліва падбіраецца да 2 млрд. дал., пры тым, што па планах урада і Лукашэнкі сальда па выніках года павінна быць станоўчым – плюс 500 мільёнаў даляраў. Незалежныя эксперты прагназуюць вялізны мінус – на ўзроўні 5 млрд. дал. Тое, што прадстаўнікі беларускага ўрада абіваюць парогі маскоўскіх кабінетаў з прашэннямі адтэрмінаваць даўгі па газе (а гэта ўсяго толькі 400 млн. дал.) і нават гатовыя плаціць пені па даўгах, дае падставы меркаваць, што грошай няма. Уся надзея на расейскі крэдыт, які запытаў беларускі ўрад (1,5 млрд. дал.).
Лукашэнка ніколі не прызнаецца ў тым, што яго эканамічная мадэль апынулася нежыццяздольнай без расейскіх энергетычных датацый. Гэта значыць, што вінаватым у эканамічным крызісе і, адпаведна, падзенні ўзроўню жыцця павінен апынуцца ўрад і, зразумела, яго кіраўнік Сідорскі.
Пакуль сітуацыя ў беларускай эканоміцы не крытычная – аб`ёмы вытворчасці растуць, зарплаты таксама. Але беларускія эксперты прагназуюць, што калі нічога не зменіцца і Расея не дасць паблажак, то крызіс можа выліцца да канца гэтага – пачатку наступнага года. Вось тады Сідорскі можа пазбавіцца крэсла, піша расейская газета.