|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Крэдыт у абмен на акцыі? Чаму сарваліся перамовы ў Маскве 18:14, 30/07/2007 Перамовы прэм’ер-міністра Беларусі і Расеі, якія сёньня адбыліся ў Маскве, не дадалі яснасьці ў магчымую выдачу крэдыту Беларусі. СМІ цытуюць Міхаіла Фрадкова, які адзначыў, што «пытаньні супрацоўніцтва ў фінансавай і нафтагазавай сфэрах складаныя і адным махам не вырашаюцца». І беларускі, і расейскі бакі пасьля сустрэчы прэм’ераў заявілі, што далейшая праца мае весьціся на ўзроўні экспэртаў. Так, кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Фрадкоў, выйшаўшы да прэсы, сказаў: «Мы дамовіліся працягнуць працу. Мы падалі аргумэнты бакоў, якія будуць улічвацца ў далейшай рабоце». Між тым, тры дні таму міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын паведаміў журналістам, што ўрад папярэдне ўхваліў выдачу крэдыту Беларусі. Праўда, міністар не назваў сумы крэдыту і нічога не сказаў наконт таго, на якіх умовах гэта будзе зроблена. Менавіта ўмовы крэдытаваньня й сталі сёньня перашкодай для заключэньня дамоўленасьцяў прэм’ераў, – лічыць маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў. У інтэрвію Радыё Свабода ён адзначыў: затрымка адбываецца таму, што расейскі бок за крэдыт патрабуе разьлічыцца акцыямі найбольш вядомых беларускіх прадпрыемстваў. А беларускі бок на гэта не пагаджаецца: «Калі гарантыі даюцца ў выглядзе акцыяў прадпрыемстваў, ніякай гаворкі пра рэструктурызацыю запазычанасьці ўжо быць ня можа. Акцыі перадаюцца на рынак, аўкцыён, біржу і прадаюцца». Прафэсар-эканаміст Барыс Жаліба зь Менску лічыць, што беларуска-расейскі гандаль вакол крэдытаў, запазычанасьцяў, уласнасьці будзе складаным: «Вядома, што Расея ставіла ўмовы: калі вы ня сплачваеце бягучай запазычанасьці – 500 мільёнаў даляраў за газ, а «жывых» грошай няма, дык патрэбна разьлічвацца маёмасьцю, уласнасьцю. Інтарэсы ж расейцаў таксама вядомыя: перадусім два нафтаперапрацоўчыя заводы – у Мазыры і Наваполацку. І я думаю, тут справа ў цане. Беларусы выстаўляюць завышаныя кошты, якія не задавальняюць расейцаў. А яны, відочна, прапаноўваюць Беларусі заніжаную цану. І таму, я лічу, і надалей будзе весьціся гандаль. Памятаеце, падобны гандаль быў і за «Белтрансгаз». Загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краінаў СНД у Маскве Аляксандар Фадзееў зьвяртае ўвагу на тое, што з 1 ліпеня беларускі бок мусіць выплачваць «Газпрому» поўны кошт газу – 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў. А гэта выклікае й неабходнасьць як павелічэньня сумы крэдыту, так і зьмяншэньня працэнта за ягонае карыстаньне: «Магчыма, расейскі бок падзяліў праблему на дзьве: вяртаньне запазычанасьці, якая ўжо існуе, і назапашаньне новай запазычанасьці. І такое разьдзяленьне не выгоднае і ня зручнае для Беларусі, якая хацела б вырашыць усё адным пакетам. Калі Расея будзе і надалей настойваць на сваім, дык пазыцыі Беларусі мне падаюцца пройгрышнымі. І нават калі Расея дазволіць пралангіраваць аплату запазычанасьці за першую палову году, зроблена гэта будзе пад пэўны працэнт». Крыніца: «Радыё свабода"
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|