Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адмоўнае сальда набліжаецца да 2 мільярдаў 09:27, 01/08/2007
Адмоўнае сальда знешняга гандлю за паўгода склала 1 мільярд 793 мільёны даляраў. Гэта амаль у два разы больш, чым за першую палову мінулага года.
Пры гэтым адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала за студзень–ліпень 3 мільярды 336 мільёнаў даляраў, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу.
Адмоўнае сальда тлумачыцца апераджальнымі тэмпамі росту імпарту ў гэты перыяд. Імпарт павялічыўся на 22,4% да студзеня–чэрвеня 2006 года да 12,508 мільярды даляраў, тады як экспарт павялічыўся толькі на 15,3% і склаў у студзені–чэрвені 2007 года 10,715 мільярды даляраў.
З краінамі па-за СНД у Беларусі склалася станоўчае сальда ў памеры 1,371 мільярды даляраў, але і яно мае тэндэнцыю да паніжэння скараціўшыся на 35,6% у параўнанні з мінулым годам, пагаршаючы такім чынам выніковую велічыню агульнага сальда. Пры гэтым у гандлі з Нямеччынай у студзені–чэрвені склалася адмоўнае сальда ў памеры 789,4 мільёны даляраў, павялічыўшыся ў 3 разы.
Учора ўрад Беларусі прызнаў нерэальнасць пастаўленай Лукашэнкам задачы па выхадзе да канца года на станоўчае сальда знешняга гандлю ў 500 млн. даляраў. Як змушаны быў заявіць міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка, да канца года адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу Беларусі не тое, што не паменшыцца, а наадварот – павялічыцца.
«Мы будзем імкнуцца, каб адмоўнае сальда, калі і павялічылася, то не на шмат», – прызнаў міністр.
Зайчанка таксама прызнаў, што далейшае павелічэнне сальда знешняга гандлю ў адмоўны бок будзе звязанае з пэўнымі складанасцямі псіхалагічнага характару, піша АФН.
«Нам даводзіцца пераадольваць бар`ер у 2 мільярды даляраў (адмоўнае сальда), які ўзнік у сувязі з зменай цаны на газ і новымі ўмовамі паставак нафты», – цытуе БелТА міністра.