Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч: Адбываецца злачынны патаемны гандаль 16:24, 02/08/2007
Сёння за спіной беларускага народу адбываецца злачынны патаемны гандаль, які вядзе да распродажу нацыянальнага багацця і да страты суверэнітэту. У чарговы раз грамадзяне Беларусі сталі закладнікамі няздольнасці рэжыму асабістай улады весці адказную і эфектыўную знешнюю і ўнутраную палітыку, гаварыцца ў заяве аднаго з лідэраў дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча ў сувязі з чарговым газавым канфліктам
Мілінкевіч лічыць, што за прыгожымі лічбамі афіцыйнай статыстыкі хаваецца банкруцтва і некампетэнтнасць кіроўных колаў паслядоўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы і праводзіць неабходныя эканамічныя рэформы.
Насельніцтва і прадпрыемствы ўжо даўно плацяць па рынкавых коштах за карыстанне газам, а выгандляваная ў Расіі розніца застаецца вузкаму колу прыўладных чыноўнікаў.
Прымаюцца келейныя дамоўленасці, схаваныя ад грамадскага кантролю. Рашэнне аб продажы Белтрансгазу - нацыянальнага здабытку ўсяго народа – было прынятае закрытым чынам насуперак жаданню абсалютнай большасці грамадзянаў Беларусі і ва ўрон нацыянальным інтарэсам.
Усё больш відавочнай становіцца тупіковасць і нежыццяздольнасць мадэлі развіцця Беларусі, якую насаджае Лукашэнка. Поўны крах палітычнага курсу ў адносінах з Расійскай Фэдэрацыяй востра ставіць пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
Ва ўмовах эканамічнага і палітычнага ціску з боку палітычных колаў суседняй дзяржавы першачарговай задачай з`яўляецца ўмацаванне нацыянальнага адзінства праз шырокі дыялог ўнутры беларускага грамадства.
Абавязковыя ўмовы такога дыялогу – гэта спыненне палітычных рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў, стварэнне пераходнага ўраду народнага даверу, у склад якога павінны ўвайсці прадстаўнікі дэмакратычных сілаў краіны і які павінен распачаць эканамічныя і дэмакратычныя пераўтварэнні, змена выбарчага заканадаўства, фармаванне новай Цэнтральнай выбарчай камісіі і правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў пад эгідай АБСЕ, гаворыцца ў заяве палітыка.