Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Раніцай мінулай пятніцы «Газпром» планаваў скараціць газавыя пастаўкі ў Беларусь на 45%. Але дзякуючы першаму плацяжу ў 190 млн. даляраў саюзнікам далі час на «выпраўленне». Як пішуць «Новые известия», цягам тыдня канфлікт можа быць загашаны.
Аляксандр Лукашэнка нават на прамежкавае вырашэнне газавай спрэчкі адрэагаваў нервова. Па яго словах, цяпер «тоўстыя каты» з «Газпрома» могуць забраць грошы і жыць спакойна». Канфлікт узнік яшчэ ўзімку. Толькі за 2 хвіліны да наступлення 2007 года Расея пагадзілася на кампрамісную цану ў 100 даляраў за 1 тыс. кубаметраў газу для саюзнікаў замест ранейшых 46,68 «зялёных», хоць спачатку Масква прасіла ў 1,5 разы больш. Аднак наўзамен яе атрымала магчымасць выкупіць палову акцый нацыянальнага беларускага прадпрыемства «Белтрансгаз» цягам чатырох гадоў. Кошт кожнага працэнта акцый склаў 100 млн. даляраў. Відавочна, Масква разлічвала на тое, што Менск пакрые розніцу паміж папярэдняй і наяўнай цаной як раз з атрыманых з гэтага пагаднення грошай. Акрамя таго, было вырашанае, што ў першым паўгоддзі газ будзе каштаваць толькі 55 даляраў – бо гэтая сума ўжо была закладзеная ў беларускі дзяржбюджэт.
Тым не менш за першае паўгоддзе беларусы назапасілі доўг у 460 млн. даляраў, а калі прыйшоў час плаціць, грошай не апынулася – яны ўжо былі выдаткаваныя на развіццё інфраструктуры ў краіне. Рэспубліка папрасіла ў «Газпрома» адтэрміноўкі, але расейская манаполія выявіла прынцыповасць, жорстка паклаўшы руку на вентыль. У выніку выратаванне зноў прыйшло, як і паўгода таму, у апошнія хвіліны. Цікава, што з пачатку года Менск прасіў у Масквы стабілізацыйны крэдыт на аплату газу. Кіраўніцтва РФ было гатовае на гэта пайсці, аднак стаўка ў 8% цалкам не задаволіла спадара Лукашэнку. Іронія сітуацыі ў тым, што фактычна доўг быў аддадзены з сродкаў, прадстаўленых Беларусі іншымі краінамі – Кітаем і Венесуэлай.
Апытаныя «НИ» эксперты па-рознаму ацэньваюць перспектывы развіцця стасункаў паміж «Газпромам» і Беларуссю, сходзячыся толькі ў тым, што крызіс, хутчэй за ўсё, будзе пераадолены адносна бязбольна. Тым больш што эканамічна Менск панёс не занадта цяжкія страты. «З аднаго боку, Беларусь – ледзь ці не адзіная краіна ў свеце, якая цалкам перайшла на выпрацоўку электрычнасці на газе, відавочна, разлічваючы на працяглы перыяд нізкіх цэнаў, – распавёў дырэктар Інстытута энергетыкі і фінансаў Леанід Грыгор`еў. – Таму падвышэнне для яе было навіной прыкрай. З другога боку – зімовае пагадненне было вельмі ўзважаным і кампрамісным. Беларусы атрымалі самыя нізкія цэны на расейскі газ для замежнікаў. Таму сказаць, што нашы суседзі былі пастаўленыя ў вельмі цяжкія ўмовы, нельга. Беларусь спажывае каля 20 млрд. куб. м газу ў год, і пры цяперашняй цане пераплата складзе не больш за 1 млрд. даляраў. У беларусаў ёсць рэзервы і магчымасці, каб расплаціцца».
Як адзначае спадар Грыгор`еў, канфлікт гэты – не столькі палітычны, колькі карпаратыўны. «Вельмі дзіўна, што ў Еўропе ўсё гэта ўспрымаецца як палітыка, – адзначыў ён. – Беларусы былі не супраць плаціць, але хацелі зрабіць гэта ў выглядзе крэдыту ад Расеі на выгодных умовах. Таму незразумела, чаму беларускі бок спрабуе ўключыць сентыментальную рыторыку». Зрэшты, дадаў ён, цяперашняе супрацьстаянне праходзіць значна лягчэй, чым папярэднія, і, па ўсёй бачнасці, завершыцца прызнаннем Беларуссю дамоўных абавязальніцтваў».