Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускім банкам далі стымул, але не прылады 13:51, 07/08/2007
Беларускія банкі будуць вызваленыя ад абавязковага рэзервавання рэсурсаў ад замежных небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, якія яны прыцягваюць. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны. Адпаведныя змены занесеныя ў інструкцыю аб парадку фармавання банкамі і небанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі фонду абавязковых рэзерваў, які размяшчаецца ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусі. Новаўвядзенне ўступіць у сілу з 1 верасня 2007 года.
На думку экспертаў, такая мера будзе спрыяць пашырэнню магчымасцяў банкаў па выкарыстанні сродкаў нерэзідэнтаў у якасці рэсурсавай крыніцы для крэдытавання сваёй кліентуры, а таксама паніжэнню працэнтных ставак па крэдытах. Цяпер такія сродкі падлягаюць абавязковаму рэзерваванню ў агульным парадку (нарматыў 8 %).
Сапраўды, цяпер беларускія банкі могуць не адкладаць частку прыцягнутых рэсурсаў у рэзерв, які не будзе прыносіць прыбытку. У той самы час варта адзначыць, што хоць цяпер у беларускіх банкаў і ёсць стымул прыцягваць замежныя рэсурсы, набор прылад для працы з замежнымі партнёрамі па ранейшым істотна абмежаваны і рэгламентаваны Нацбанкам. Акрамя таго, новаўвядзенне не стварае ніякай дадатковай зацікаўленасці для замежных крэдытна-фінансавых арганізацый.