Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Найбагацейшым чалавекам у свеце стаў мексіканец 10:43, 07/08/2007
Найбагацейшым чалавекам у свеце з`яўляецца мексіканскі прадпрымальнік Карлас Слім. Пра гэта паведаміў у панядзелак, 6 жніўня, уплывовы часопіс Fortune.
Паводле дадзеных выдання, маёмасць Сліма ацэньваецца ў 59 млрд. даляраў, у той час як заснавальнік кампаніі Microsoft Біл Гейтс займае другую пазіцыю з 58 млрд .даляраў.
Пра лідэрства 67-гадовага "мексіканскага Мідаса", такую мянушку далі Сліму, у спісе самых заможных людзей планеты заявіла на пачатку ліпеня мексіканскае электроннае выданне "Сенціда комун", адзначае ІТАР-ТАСС. Праўда, тады ўладальніку транснацыянальнай бізнэс-імперыі было прыпісанае значна большая маёмасць – больш за 67,8 млрд даляраў.
Нашчадак ліванскіх імігрантаў, якога Fortune ужо параўноўвае з Джонам Дэвісанам Ракфелерам, толькі з пачатку 2007 года зарабіў 12 млрд даляраў. Яшчэ да красавіка гэтага года Слім займаў толькі трэццю пазіцыю ў рэйтынгу амерыканскага выдання. Але пасля ён здолеў абыйсці амерыканскага магната Уоррэна Баффетта. Цяпер жа ён пасунуў і Гейтса, які валодаў знакавым тытулам цягам 13 гадоў.
Імперыя Карласа Сліма, удаўца і бацькі шасці дзяцей, распасціраецца ад гандлю цыгарэтамі да сотавай сувязі. Мянушку "Мідас" ён атрымаў дзякуючы таму, што набываючы стратныя прадпрыемствы, ператвараў іх у вялікія кампаніі. Сліма часта крытыкуюць за тое, што ён сабраў шматмільярдную маёмасць у краіне, дзе палова 104-мільённага насельніцтва змушаная існаваць менш як на 5 даляраў у дзень. У той самы час 38 самых заможных сем`яў у сукупнасці валодаюць багаццямі, якія ўраўноўваюцца 14,4% ВУП Мексікі.
Аднак прадпрымальнік займаецца актыўнай дабрачыннай дзейнасцю. На пачатку 2007 года Карлас Слім абвясціў пра планы пералічыць цягам чатырох гадоў 10 млрд. даляраў на праграмы ў галіне адукацыі і аховы здароўя, паведамляе ІТАР-ТАСС.