Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка «замовіў» газавы канфлікт з Расеяй? 10:34, 08/08/2007
Золатавалютныя рэзервы краіны растуць, і яна цалкам здольная разлічыцца па газавых даўгах, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракопавіч. Пасля такой заявы эксперты пачалі казаць пра штучную прыроду газавага канфлікту Беларусі і Расеі. А ўчора стала вядома, што Менск пералічыў «Газпрому» дзве траціны ад пазыковай сумы, піша расейская «Независимая газета».
Да канца тыдня Менск выплаціць астатнюю частку доўгу за газ, даклаў прэзідэнту Пётр Пракопавіч. Для гэтага будуць задзейнічаныя сродкі золатавалютных рэзерваў Беларусі. Галоўны банкір краіны таксама паведаміў, што золатавалютныя рэзервы краіны за апошні час павялічыліся на 508 млн. дал. і дасягнулі 3,1 млрд. дал. Пры гэтым ён запэўніў, што разлікі з «Газпромам» не паўплываюць на памеры рэзерваў, бо ёсць магчымасці іх перманентнага папаўнення. Сказанае Пракопавічам пацвярджае правасць экспертаў, якія сцвярджалі, што ў Беларусі ёсць грошы, але яна не хоча іх аддаваць «Газпрому».
Усе эксперты, да якіх «НГ» звярнулася за каментарам, мяркуюць, што чарговы газавы канфлікт зрэжысаваны афіцыйным Менскам. Відавочна, там разлічвалі, што Расея альбо паверыць у беднату Беларусі і дасць ёй запытаны крэдыт (1,5 млрд. дол.) на льготных умовах, альбо хаця б адтэрмінуе выплату доўгу, што таксама будзе крэдытам. Хоць гэта і ў тры разы менш, чым хацелася б Менску. Некаторыя эксперты мяркуюць, што Беларусь, запытваючы крэдыт, не збіралася яго аддаваць. Гэта кампенсавала б выдаткі, прадыктаваныя падвышэннем цаны на газ для Беларусі, і стварыла б ілюзію, што яна ніяк не змянілася ў параўнанні з мінулым годам.
Раней экс-кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, каментуючы на просьбу «НГ» чарговы газавы канфлікт, казаў пра тое, што беларускія спажыўцы цалкам разлічваюцца за газ, прычым па новай цане, і, каб канвертаваць гэтыя грошы ў даляры і адправіць пастаўшчыку, патрабуецца пару гадзін. Зазначым, дарэчы, што пры ўваходнай цане 100 дал. за 1 тыс. кубаметраў беларускія прадпрыемствы плацяць па 144 дал. з улікам ПДВ.
Праўда, тут ёсць нюансы. Для шэрагу энергаёмістых вытворчасцяў усталяваная «эксклюзіўная» (так калісьці выказаўся беларускі віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка) цана на газ, а адвечна датаваная сельская гаспадарка ўсё-ткі мае даўгі па аплаце. Ураду патрэбныя грошы, каб пакрываць гэтыя праломы. Акрамя таго, Беларусь актыўна інвестуе сродкі ў мадэрнізацыю сваіх вытворчасцяў з тым, каб знізіць іх энергаёмістасць. Не так даўно прэм`ер-міністр Сяргей Сідорскі сказаў, што ў першым паўгоддзі аб`ем інвестыцый дасягнуў 1 млрд. дал. Ідэя сысці ад энергетычнай залежнасці ад Расеі за яе ж кошт, мабыць, здавалася афіцыйнаму Менску вельмі прывабнай.
У святле будучых эканамічных праблем у Беларусі (усе эксперты кажуць пра тое, што новае падвышэнне цэн на газ стане іх прычынай ужо ў 2008 годзе) Аляксандру Лукашэнку патрэбная выява знешняга ворага. Штучна створаны газавы канфлікт даў магчымасць беларускім прапагандыстам яшчэ раз нагадаць беларусам, хто віноўнік усіх магчымых цяжкасцяў. «Расея прабачыла Аўганістану доўг у 11 мільярдаў даляраў», – паведаміла напярэдадні дзяржаўнае беларускае тэлебачанне. «У той самы час яна ва ўльтыматыўным парадку патрабавала ў Беларусі выплаты 450 мільёнаў даляраў», – прагучаў у эфіры красамоўны доказ недружалюбнасці саюзнай дзяржавы.