|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Невядома, хто аплаціў пазыку за газ! 11:59, 09/08/2007 Здаецца, нічога складанага ў гэтым пытанні няма. Сам Лукашэнка на мінулым тыдні даў загад “узяць з рэзерваў гэтыя грошы і заплаціць ім гэтыя 460 мільёнаў долараў”. Аднак золатавалютны запас дзіўным чынам не агаліўся. Наадварот, за апошні месяц павялічыўся на 200 мільёнаў долараў. Па словах кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча, сёння ён ужо склаў 3 мільярды долараў. Хаця дасягнуць гэтай лічбы планавалася толькі ў канцы года. “Справа ў тым, што золатавалютны рэзерв – гэта проста забеспячэнне Нацбанка. Нацыянальны банк не аплочвае рахункі ўраду, яны адасоблены адзін ад аднаго. Гэтую запазычанасць аплочвалі гаспадарчыя суб’екты і ўрад. Грошы былі ўзятыя з той сумы, якую мы атрымалі за частку “Белтрансгазу”, – тлумачыць сітуацыю “Еўрарадыё” эканаміст Леанід Заіка. Цікава, што ў Нацбанку тлумачаць павелічэнне золатавалютнага запасу краіны таксама менавіта грашыма, атрыманымі за акцыі Белтрансгаза... Беларусь не спяшалася скарыстацца сваім золатавалютным запасам таму, што гэтыя рэзервы прыносяць прыбытак. Бо грошы змяшчаюцца не ў скляпеннях Нацбанка, а ў замежных банках. Па словах прэс-сакратара Нацыянальнага банка Міхаіла Журавовіча, грошы на выплату запазычанасці за газ былі ўзятыя не з золатавалютнага запасу. Гэтымі пытаннямі займалася Міністэрства фінансаў. У сваю чаргу ў Мінфіне адказалі наступным чынам: “Прабачце, калі ласка, Мінфін не займаецца разлікамі з “Газпромам”: у нас “Белтрансгаз” мае дамоўленасць і кантракт з “Газпромам”. А Мінфін нічога не мае”. У Міністэрстве энергетыкі таксама сказалі, што пазыка была выплачана не з грошай міністэрства і параілі звярнуцца ў “Белтрансгаз”. А калі “Еўрарадыё” датэлефанавалася да Уладзіміра Чэкава, прэс-сакратара “Белтрансгазу”, то на просьбу дапамагчы разабрацца ў пытанні, хто ж усё-такі быў плацельшчыкам “Газпрому”, ён адказаў: “У гэтым я вам не дапамагу. Не вы першая задаяце такое пытанне. Але я не гатовы адказаць на гэтае пытанне”. Дзіўная сітуацыя. Краіна знайшла амаль паўмільярда долараў, але адшукаць тых герояў, якія здолелі зрабіць гэты подзвіг немагчыма.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|