Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка вырашыў эканоміць на сяле 13:51, 10/08/2007
Аляксандр Лукашэнка загадаў ужо з наступнага года скараціць на 50% дзяржаўныя датацыі для паспяховых сельгаспрадпрыемстваў. "Гаспадаркі, якім мы дапамаглі, якія паднялі з кален, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, павінны зарабляць самі. Усе датацыі ў наступным годзе скараціць гэтым прадпрыемствам на 50%", – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведванняў сельскагаспадарчага прадпрыемства "Гервяты" Гарадзенскай вобласці.
Як даклаў Лукашэнку намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Папкоў, які яго суправаджаў, паспяховымі і здольнымі на скарачэнне датацый сёння можна назваць прыкладна чвэрць сельгаспрадпрыемстваў Беларусі.
А.Лукашэнка асоба падкрэсліў, што "яшчэ праз год, а менавіта ў 2009 годзе прадпрыемствы, якія добра працуюць, увогуле не павінны атрымоўваць ніякіх дзяржаўных датацый".
"У будучым годзе вызваленыя сродкі накіроўваць толькі на рэалізацыю Праграмы адраджэнне сяла", – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Што тычыцца адсталых сельгасвытворчасцяў, то А.Лукашэнка лічыць магчымым іх ліквідацыю. "Хай гінуць! 13 гадоў іх на сваіх плячах носім. Хопіць ужо", – заявіў ён.
Ён даручыў ураду "самым жорсткім чынам кантраляваць усе пытанні, звязаныя з падаваннем дзяржаўных датацый".
"Я даўно вас папярэджваў, што ўзнікне вострая неабходнасць у сельскагаспадарчай прадукцыі у мясе, малаку. Гэты час наступіў, магчымасці выдатныя. Сёння тона пшаніцы 150 даляраў каштуе. Патрэбу ў пастаўках сельгаспрадукцыі мае і Украіна, і Расея, і Еўропа. Толькі вырабляй і прадавай. Якія яшчэ датацыі?!", – сказаў А.Лукашэнка.
"Кроў з носу, але праграма адраджэння сяла павінна быць выкананая", – адзначыў ён. Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым годзе Беларусь павінна сабраць 7 млн тон збожжа і 500 тон кукурузы на збожжа. Звяртаючыся да суправаджаючых яго службовых асоб, ён звярнуў увагу на неабходнасць у будучым годзе падвоіць вытворчасць кукурузы.