Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Менск зноў незадаволены цэнамі на газ 09:43, 13/08/2007
Не паспела заціхнуць апошняя "газавая" спрэчка паміж "Газпромам" і Беларуссю з нагоды неплацяжоў, як пачалася новая. Цяпер гаворка ідзе пра цэны на газ у будучым годзе. Нягледзячы на дамоўленасць аб падвышэнні цэнаў на газ па зацверджанай формуле цягам будучых чатырох гадоў, у Менску хочуць, каб кошт адной тысячы кубаметраў не перавышаў ў будучым годзе $130.
Нагадаем, што яшчэ мінулай зімой "Газпром" і "Белтрансгаз" падпісалі цэлы пакет пагадненняў. У прыватнасці, была зацверджаная формула, паводле якой у 2008 годзе кошт 1 тысячы кубаметраў газу будзе роўны сярэднееўрапейскай цане мінус 33%. У 2009 годзе скідка паменшыцца да 20%, у 2010 годзе – да 10%. А з 2011 года Беларусь пачне плаціць за сыравіну, як усялякая іншая еўрапейская дзяржава, зразумела, з улікам транспартных выдаткаў, адзначаюць «Финансовые известия».
Мяккі пераходны перыяд, як заяўлялі ў "Газпроме", звязаны з тым, што Менск і Масква будуюць саюзную дзяржаву, а 50% акцый "Белтрансгаза" да 2011 года стануць уласнасцю расейскага канцэрна.
Аднак, здаецца, у Менску зноў рыхтуюць глебу для канфлікту. Формула формулай, а цана павінна быць не вышэй як $130, лічаць у беларускім урадзе. "Ёсць даручэнне першага намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі дамовіцца з "Газпромам" наконт цаны паставак газу ў 2008 годзе на ўзроўні $130", – сказаў прадстаўнік Міністэрства энергетыкі Беларусі. У Менску лічаць, што менавіта такой павінна быць цана зыходзячы з меркаванай дынамікі росту цэнаў на нафту і ўмоў чатырохгадовага кантракту на пастаўкі газу ў Беларусь.
Праца над абгрунтаваннем новай цаны ўжо пачалася, хоць непасрэдна перамовы будуць праходзіць увосень. Эксперты кажуць, што яны будуць няпростымі, бо Аляксандр Лукашэнка мае намер зноў змагацца за кожную капейку. Аднак апошнія спрэчкі Масквы і Менска паказалі, што самы дзейсны аргумент у іх – гэта газавы вентыль. А значыць, бакі змушаныя будуць дамовіцца.