Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пасля зімовага бязладдзя расейская газавая манаполія дамовілася з беларускімі калегамі, што ў пазбяганне шокавых эфектаў падвышэнне цэнаў на расейскі газ з 46 да 100 даляраў за тысячу кубаметраў будзе для Беларусі паэтапным. У першым паўгоддзі беларусы плацілі за газ па 55 даляраў, а розніцу за шэсць месяцаў паміж кантрактнай і фактычнай цаной паводле кантракту з «Газпромам» меркавалася атрымаць 23 ліпеня. Аднак грошы, якія павінен быў адначасова выплаціць «Белтрансгаз», на рахункі расейскай кампаніі так і не паступілі. Пачакаўшы тыдзень, «Газпром» 1 жніўня заявіў, што скароціць пастаўкі газу ў Беларусь на 45%, каб кампенсаваць недаплату.
Да скарачэння паставак справа не дайшла. Грошы для «Газпрома» апынуліся ўсё-ткі важнейшымі за выхаваўчыя акцыі: атрымаўшы ад беларускіх улад гарантыі пагашэння доўгу, газавая манаполія адмовілася ад рэпрэсіўных планаў. Ну, і беларускія ўлады зразумелі, што таргавацца бессэнсоўна. Першы транш у 190 млн. даляраў паступіў 3 жніўня. А 7 жніўня Беларусь цалкам разлічылася па назапашаных даўгах. Аляксандр Лукашэнка публічна растлумачыў рашэнне па аплаце даўгоў: «Добра, хай забіраюць грошы і хай жывуць спакойна. Трэба пераходзіць на больш рэальныя стасункі з Расеяй».
«Газпром» бачыць рэальнымі наступныя стасункі з беларускім бокам: аплату за газ цягам 23 дзён пасля яго пастаўкі. Беларускі бок на такія ўмовы нібыта ўжо пагадзіўся. Зрэшты, пакуль беларусы могуць пагражаць расейскім манаполіям ростам транзітных ставак, ды і проста закрыццём транзітнай трубы, канфлікты на глебе цэнаў на энергарэсурс будуць, мабыць, узнікаць і надалей, адзначае расейскі часопіс «Эксперт».