Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Доўг «Газпрому» адпрацуе беларускі бізнэс 09:08, 15/08/2007
Незарэгістраваная арганізацыя дзелавых людзей Беларусі «За свабоднае прадпрымальніцтва» абвясціла пра намер правесці рэспубліканскі страйк. Як паведаміў «Независимой газете» кіраўнік аб`яднання прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў, ён прызначаны на 1 верасня. Прычына страйку – засілле правяраючых і кантралюючых органаў, візіты якіх завяршаюцца для прадпрымальнікаў вялізнымі штрафамі. Прадпрымальнікаў правяраюць і падатковая інспекцыя, і пажарнікі, і санстанцыя, і ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.
«Адбываецца поўнае бясчынства, у людзей забіраюць усё, што яны зарабілі, і вязуць у крамы канфіскату». «Людзі, у якіх адбіраюць тавар, трапляюць з інфарктамі ў шпіталь, ёсць нават выпадак суіцыду», – распавёў «НГ» Гарбачоў.
Прычым «зверствы» гэтыя сканцэнтраваныя ў асноўным у беларускіх рэгіёнах. Паралізаванай апынулася праца некалькіх рынкаў у Менскай, Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Па словах Гарбачова, часта праверкі пачынаюцца проста на расейска-беларускай мяжы (тавар, які правяраюць, у асноўным вязуць з Расеі). Прадпрымальнік распавёў, што людзі ў масках і з відэакамерамі спыняюць аўтобусы, патрабуюць сертыфікаты, а пры іх адсутнасці забіраюць тавар. Па словах Гарбачова, створаныя такія ўмовы, пры якіх атрымаць гэты сертыфікат у тэрмін немагчыма. «Пакуль яны (сертыфікуючыя органы. – «НГ») будуць месяц іспытваць тавар, попыт на яго ўжо скончыцца», – гаворыць ён. – Каму патрэбныя майкі ўвосень?» Пры гэтым прадпрымальнік удакладніў, што гэты ж тавар спакойна прадаецца без усялякіх сертыфікатаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, у спецыяльна створанай сетцы крам канфіскаваных тавараў. Крамы гэтыя, дарэчы, знаходзяцца ў вядзенні ўпраўлення справамі прэзідэнта.
Па словах лідэра прадпрымальнікаў, удзел у будучым страйку маюць намер прыняць 18 гарадоў Беларусі, дзе выпадкі канфіскацыі тавараў мелі месца.
У прадпрымальніцкім асяродку тлумачаць, што працаваць яны меней законна ў апошнія некалькі тыдняў не сталі, і звязваюць актывізацыю праваахоўных органаў з неабходнасцю аплаціць доўг «Газпрому». «Эканамічны цуд даў збой, і спатрэбілася залатаць фінансавы пралом», – гаворыць пра прычыны актывізацыі праваахоўных органаў Гарбачоў.
Эксперты ў галіне эканомікі, дарэчы, называюць яшчэ адну магчымую прычыну незадаволенасці ўлады прадпрымальнікамі. Справа ў тым, што ў большасці сваёй яны гандлююць імпартнымі таварамі (80%, паводле дадзеных Мінэканомікі Беларусі). Першы віцэ-прэм`ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка адзначаў, што 90,6% спажывецкага імпарту таксама прыходзіцца на долю беларускага дробнага бізнэсу. Адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу Беларусі пасля падвышэння кошту энергарэсурсаў рэзка сышло ў мінус і наблізілася ўжо да 2 млрд. дал. пры планах урада зрабіць яго станоўчым – у памеры 500 млн. дал. У сувязі з гэтым урад усяляк імкнецца абмежаваць імпарт.