Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ля касьцёлу Сьвятога Язэпа прайшла першая ад 1924 года імша 21:30, 15/08/2007
А 18‑й гадзіне ля касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Менску прайшла імша за вяртаньне храму. Да гэтага вернікі толькі маліліся за вяртаньне храму, але сьвятары ў справу ня ўмешваліся, паведамляе газэта «Наша Ніва».
Адразу сабралася пару дзясяткаў чалавек. Потым дайшло да 100 чалавек, людзі ўвесь час падыходзілі. Ішлі з кветкамі. Быў зроблены імправізаваны аўтар. Напачатку прысутнічалі бабулькі‑верніцы, але потым падцягнулася моладзь.
Ксёндз, які адпраўляе службу, папрасіў не называць сваё імя. Перад пачаткам службы ён сказаў: «Некалькі гадоў вядзецца барацьба за вяртаньне сьвятыні. Мы хочам толькі аднаго, каб тут загучалі песьні пахвалы Пану». Сьвятар таксама зазначыў, што будынак важна захаваць ня толькі як храм, але і як гістарычную каштоўнасьць.
Імша вялася, натуральна, па‑беларуску.
Міліцыі не было. З вядомых грамадзкіх дзеячоў прыйшлі пісьменьнік Ільля Сін, барысаўскі актывіст Зьміцер Бародка, каардынатар "Хартыі`97" Зьміцер Бандарэнка, гісторык Алесь Белы.
***
Вернікі некалькі гадоў гады змагаюцца за вяртаньне царквы Сьвятога Язэпа. Раней у царкве і бэрнардынскім манастыры, часткай якога яна была, разьмяшчалася вайсковая камэндатура. Асаблівыя пратэсты вернікаў выклікала жаданьне ўладаў перадаць квартал арабскім інвэстарам для выбудовы там пяцізоркавага гатэлю з саўнай і боўлінгам. Малітвы за вяртаньне царквы праходзілі ля яе муроў штодзень. Сёньня, на сьвята Ўшэсьця Багародзіцы, упершыню пад мурамі праходзіць служба.