Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь чакае дэвальвацыя рубля? 16:29, 15/08/2007
Намер Нацыянальнага Банку Беларусі з 2008 года адмовіцца ад курсавой прывязкі беларускага рубля да расейскага, і ў далейшым выкарыстаць у якасці арыенціру толькі даляр ЗША, можа сведчыць пра планы Нацбанку прыступіць да больш актыўнай дэвальвацыі рубля. Такое меркаванне выказаў у інтэрв`ю АФН беларускі эксперт Яраслаў Раманчук, каментуючы паведамленні аб планах Нацбанку, якія з`явіліся сёння ў СМІ.
«Адвязка беларускага рубля ад еўра і расейскага рубля, гаворыць пра тое, што Нацбанк пасылае вельмі моцны сігнал з нагоды пагражальнай дэвальвацыі беларускага рубля, якая мае быць», – сказаў Я.Раманчук.
Такі ход галоўнай банкаўскай установы краіны цалкам абгрунтаваны наяўнымі тэндэнцыямі на міжнародным валютным рынку, дзе даляр цягам параўнальна доўгага перыяду часу абясцэньваецца па дачыненні да асноўных сусветных валют, у тым ліку і да расейскага рубля. Між іншым, курс беларускага рубля да даляра ЗША з пачатку 2007 года панізіўся на 0,2%, у той час як па дачыненні да курсу еўра паніжэнне склала 4.4%, а да расейскага рубля – 3,5%.
Відавочна, што Нацыянальны банк здзяйсняе дэвальвацыю беларускага рубля і цяпер. Аднак, на думку эксперта, «у кантэксце відавочнага пагаршэння аплатнага і гандлёвага балансу, немагчымасці прыцягнення прамых замежных інвестыцый і абмежаванасці рэсурсаў па крэдытаванні эканомікі ў 2008 годзе ўтрымаць у рамках прагнозных паказчыкаў тэмпы дэвальвацыі, захаваць наяўную курсавую палітыку і працэнтныя стаўкі па ўкладаннях і крэдытах стане немагчымым».
Найперш, Нацбанк турбуецца за выкананне прагнозных паказчыкаў па прывязцы курсу беларускага да расейскага рубля. Апошні ўвесь час умацоўваецца, і для таго каб пачаць дэвальвацыю беларускага рубля да даляра ЗША неабходна адвязаць курс «беларускага зайчыка» ад расейскага рубля.
«Але без карэкціроўкі ўнутранай палітыкі, без лібералізацыі, без пачатку сістэмных комплексных трансфармацый утрымаць прагназаваныя параметры вельмі складана», – перакананы Раманчук.
Ён таксама падкрэсліў, што «фінансавы стан банкаўскай сістэмы, падзенне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і пагаршэнне гандлю па пазіцыі «мінеральныя прадукты» і «гатовыя харчовыя прадукты» выклікаюць вельмі сур`ёзную заклапочанасць у экспертаў».