Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Праблема кантрактаў можа вырашыцца? 16:00, 16/08/2007
Наймальнікам трэба падаўжаць кантракты з працаўнікамі на 3 гады і больш. Такі пункт гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БелТА выказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валяр`ян Кароль. Ён браў удзел у выязным паседжанні калегіі Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое праходзіла ў Віцебску.
Як сведчыць аналіз праверак, якія праводзяцца Міністэрствам, значная частка кантрактаў наймальнікамі, незалежна ад формы ўласнасці, падаўжаецца на 1 год. На думку Валяр`яна Караля, 1 год – дастатковы тэрмін для таго, каб пазнаць працаўніка. Калі ён задаволіў працадаўцу, то кантракт з ім неабходна падаўжаць на тры, а то і пяць гадоў. "Гэта прымушае працаваць чалавека на перспектыву і дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а ад нядбайнага працаўніка можна пазбавіцца незалежна ад тэрміна дзеяння кантракту", – лічыць намеснік міністра.
Валяр`ян Кароль нагадаў, што ўказ прэзідэнта ад 23 жніўня 2005 года №392 дае наймальнікам права складаць кантракты згодна з дзейным Працоўным кодэксам на тэрмін да 5 гадоў, пры гэтым наем на 1 год лічыцца мінімальным і носіць рэкамендацыйны характар. "Умовы заключэння кантрактаў на працяглыя тэрміны неабходна абгаворваць у калектыўных працоўных дамовах паміж прафсаюзамі і наймальнікамі, гэта забяспечыць прававую аснову і абароніць працаўнікоў", – дадаў ён.