|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Расея не хоча даваць Беларусі крэдыт? 17:20, 16/08/2007
Адзіным арыенцірам грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі прапанаванае пакінуць курс беларускага рубля да даляра ЗША. На думку спецыялістаў Нацбанку, адначасовае выкарыстанне ў якасці прамежкавых мэтавых паказчыкаў курсу беларускага рубля да расейскага рубля і даляру ЗША абцяжарвае правядзенне аператыўнай курсавой палітыкі. Даляр жа мае значную ўдзельную вагу на ўнутраным беларускім валютным рынку, у структуры валютных зберажэнняў насельніцтва, пераважае ў разліках па знешнегандлёвых аперацыях. Нацбанк абяцае, што цягам будучага года курс беларускага рубля да даляра будзе вагацца ў межах цяперашняга – плюс-мінус 2,5%. "Апошні цвік" "Гэта чыста палітычнае рашэнне. Гэта "апошні цвік" у блок саюзных дамоўленасцяў, асабліва ў дачыненні намераў мець адзіную саюзную валюту ў відзе расейскага рубля", – так каментуе Расейскай службе Бі-бі-сі сітуацыю былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі прафесар Станіслаў Багданкевіч. Багданкевіч заяўляе, зрэшты, што і "прывязка" беларускага рубля да расейскага была рашэннем "выключна палітычным". Нават у лепшыя гады саюзнага супрацоўніцтва расейскіх рублёў у беларускія банкі паступала не шмат: асноўныя разлікі з Расеяй Беларусь вядзе ў далярах. У далярах аплачваецца газ, нафта. Цяпер гандлёвае абарачэнне з Расеяй няўхільна зніжаецца. "Спецыялісты, якія займаліся аналізам грашовых стасункаў, ведалі, што прывязка да расейскага рубля ўцяжарвала наш экспарт, рабіла яго менш канкурэнтаздольным, – сцвярджае Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія". – Расейскі рубель рэвальваваў, наша прадукцыя ў даляравым відзе станавілася даражэйшай. Але да часу спецыялісты не крычалі пра гэта. Цяпер жа напэўна пойдзе ў ход і такі аргумент". На думку спецыяліста, страты беларускага экспарту пры суадносінах цаны з курсам расейскага рубля даходзілі да 25%. "Раз мы ўжо не робім агульную валюту, навошта цярпець? – разважае Заіка. – А можа, паўплывала і тое, што расейцы не вельмі хочуць даваць нам крэдыт. І таму ў сэрцах: а мы вам вось так зробім!" Цікава, што менш як год таму, увосень 2006-га, Нацбанк Беларусі абвясціў пра перавод часткі сваіх золатавалютных рэзерваў у расейскія рублі. Рашэнне тлумачылася тым, што расейскі рубель па сваіх параметрах наблізіўся да свабодна канвертуемых валют. А адзін з вядучых банкаў краіны, Белаграпрамбанку (першае месца сярод беларускіх банкаў па памеры статутнага фонду і другое па памеры актываў) не так даўно прыцягнуў у Расеі крэдыт у аб`ёме 1 млрд. расейскіх рублёў. Кіраўніцтва Белаграпрамбанку заяўляла тады, што фінансавы рынак Расеі стане неўзабаве важнай крыніцай запазычанняў для беларускай эканомікі. Пагібельная стабільнасць? За кошт замежных сродкаў рэсурсавая база беларускіх банкаў павялічылася на $876 млн., але суму гэтага паўгоддзя сфармавалі зусім не расейскія капіталы. Беларускі бок абяцае, што крэдыторы не застануцца "з носам", і мае намер павялічыць рэсурсавую базу беларускіх банкаў у гэтым годзе на 20%. Стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля да даляра ЗША спецыялісты Нацбанку называюць "найбольш эфектыўным каналам абмежавальнага ўздзеяння грашова-крэдытнай палітыкі на інфляцыйныя працэсы ў эканоміцы". Незалежныя эканамісты, аднак, лічаць адміністрацыйнае стрымліванне курсу пагібельным для беларускай гаспадаркі. "Пры наяўных праблемах аплатнага і гандлёвага балансу дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная, – заяўляе Яраслаў Раманчук, кіраўнік даследчага Цэнтра Мізэса. – Рэсурс прыцягнення крэдытаў абмежаваны, прамых замежных інвестыцый, выгодных Беларусі, практычна няма. Нацыянальны банк разлічвае, што даляр будзе слабець, таму прывязка да яго не такая страшная, як да еўра і расейскага рубля, якія, відавочна, узмацняюцца". "Нацыянальны банк спрабуе лавіраваць, але выбірае тактыку лепшай справаздачнасці, – гаворыць незалежны эканаміст. – Гэта – выгоды выключна для захавання пасад людзьмі ў Нацбанку, для захавання абранай пазіцыі беларускага ўрада: мы, нібыта, па-ранейшаму захоўваем стабільнасць беларускага рубля! Чарговая спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульне". "Палітычна цяперашняе рашэнне дэманструе жаданне зацвердзіць суверэнітэт Беларусі, – прымячае апазіцыйны палітык, кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова. – Але з эканамічнага пункту гледжання гэта не самы разумны крок. Як на эканамічных партнёраў трэба арыентавацца і на Расею, і на ЗША, і на Еўразвяз". Як паведаміў прадстаўнік прэс-службы Нацбанку Міхаіл Журавовіч, рашэнне адмовіцца ад прывязкі курсу беларускага рубля да расейскага ўступіць у сілу толькі пасля адпаведнай рэзалюцыі Аляксандра Лукашэнкі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|