Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі таксама транслявалі праграмы Бі-бі-сі -- на «Радыё 101,2» 17:40, 20/08/2007
З 17 жніўня ў Маскве спынена трансляцыя праграм Рускай службы Бі-бі-сі ў FM-дыяпазоне. Зняць праграмы з эфіру вырашыў уладальнік FM-радыёстанцыі “Большое радио” – холдынг “ФИНАМ”, які спаслаўся на патрабаванне расійскіх ліцэнзуючых органаў. У адваротным выпадку вяшчанне станцыі магло быць спынена, - паведамляецца ў афіцыйнай заяве Сусветнай службы Бі-бі-сі.
Гэта ўжо трэцяя FM-радыёстанцыя ў Расіі, якія адмаўляе ў трансляцыі Рускай службе Бі-бі-сі. (У канцы 2006 г. з ім спынілі супрацу “Радио Арсенал”, а ў пачатку 2007 г. - "Радио Ленинград"). Супрацоўніцтва Бі-бі-сі з "Большим радио" доўжылася з траўня г.г. Цяпер праграмы Рускай службы Бі-бі-сі даступныя расійскім слухачам толькі ў Інтэрнэце і на сярэдніх хвалях у Маскве, Пецярбургу і Екацярынбургу.
Увогуле ж праграмы Бі-бі-сі можна слухаць у FM-дыяпазоне больш чым у 150 краінах свету.
У Мінску праграмы Бі-бі-сі таксама трансляваліся ў FM-дыяпазоне ў 1995-1996 гг. на “Радыё 101,2” – адзінай беларускамоўнай FM-радыёстанцыі, якая праіснавала крыху больш за год. Паводле адмысловай дамовы з брытанскай карпарацыяй, “Радыё 101,2” штодня запісвала, перакладала і транслявала навіны Сусветнай службы Бі-бі-сі, а таксама прапаноўвала сваім слухачам шэраг штотыднёвых музычных праграм. Аналагічную дамову, дарэчы, радыёстанцыя мела і з “Нямецкай хваляй”. Пасля закрыцця “Радыё 101,2” гэткая схема супрацоўніцтва з сусветнымі радыёкарпарацыямі ў беларускім FM-дыяпазоне больш не выкарыстоўвалася.