Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Фашысты пагражаюць расправай актывістам апазіцыі 15:47, 20/08/2007
Актывісты Віцебскай гарадской арганізацыі КХП-БНФ атрымалі лісты з пагрозамі ад фашыстаў. Пра гэта паведаміў журналістам апазіцыянер і распаўсюджвальнік недзяржаўнай прэсы Барыс Хамайда.
Па яго словах, лісты атрымалі ў мінулую пятніцу чацвёра чалавек – сам Б.Хамайда, а таксама Ян Дзяржаўцаў, Сяргей Каваленка і Ян Талпыга. Яны прыйшлі па пошце на дамашні адрас партыйных актывістаў. Цікава што невядомыя, якія назвалі сябе сябрамі так званага «Русского национального единства», звяртаюцца да кожнага з адрасатаў як да Мірона.
Як вядома, перыядычна, адзін-два разы ў месяц, у розных месцах Віцебска, як правіла цяжкадасягальных невядомыя вывешваюць бел-чырвона-белы сцяг і пакідаюць запіску з подпісам "Мірон". Звычайна гэта адбываецца напярэдадні розных святочных дат, якія маюць дачыненне да беларускага нацыянальнага адраджэння.
"Гэтыя пагрозы, вядома ж, не спыняць сапраўднага Мірона, таму што гэта легендарная і няўлоўная фігура. Гэта зборны вобраз героя, які змагаецца за незалежнасць і свабоду. Таму бел-чырвона-белыя сцягі як з`яўляліся, так і будуць з`яўляцца, і не толькі ў Віцебску, але і іншых гарадах Беларусі", – лічыць Б.Хамайда.
Па яго словам, толькі адзін з атрымаўшых пагрозы актывістаў мае намер звярнуцца ў міліцыю. Іншыя палічылі гэта бескарысным. Лісты з пагрозамі ад фашыстаў у розны час летась атрымалі рэдакцыя незалежнай газеты “Витебский курьер”, актывістка гарадской арганізацыі АГП Алена Залесская і працаўніца драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Вікторыя Дашкевіч. Яны звярталіся ў праваахоўныя органы з заявамі, але выніку гэта не дало – аўтараў пагроз не знайшлі, а заяўнікі атрымалі фактычна афіцыйныя адпіскі.