Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Інтэрнэт-цэнзуры будзем вучыцца ў Кітая? 13:55, 20/08/2007
У Беларусі ствараецца працоўная група, якая вывучыць сусветны досвед прававога рэгулявання інтэрнэт-СМІ, заявіў у эксклюзіўным інтэрв`ю "Інтэрфаксу" намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Слабадчук. "Прававое рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-СМІ не з`яўляецца цэнзурай", – лічыць намеснік міністра інфармацыі Беларусі.
Нагадаем, што праект Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" ўключаны ў парадак дня восеньскай сесіі ніжняй палаты "парламента". Кіраўнік працоўнай групы па распрацоўцы законапраекта "дэпутат" Таццяна Сафроненка падчас абмеркавання гэтага законапраекта на мінулым тыдні паведаміла, што падчас распрацовак законапраекта ўзнікла шмат спрэчных пытанняў, якія трэба будзе абмеркаваць на восеньскай сесіі.
"Вельмі цяжка прапісаць абмяжоўваючы крытэр, які забяспечыў бы, з аднаго боку, права на прыватнасць, а з другога – права людзей на інфармацыю", – сказала Таццяна Сафроненка. На думку "дэпутата", "часта ў Інтэрнэт і СМІ трапляе неправераная інфармацыя". "А каму прад`явіць прэтэнзіі, калі гэтая інфармацыя незразумела ад каго выйшла?", – заявіла кіраўніца працоўнай групы па падрыхтоўцы законапраекта.
У сваю чаргу, намеснік дырэктара дэпартамента інфарматызацыі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Алег Сякліцкі падкрэсліў, што "ў законапраекце няма прамых палажэнняў аб абмежаванні інфармацыйных рэсурсаў інтэрнэт-прасторы".
Працоўная група, якая займаецца падрыхтоўкай законапраекта, атрымала больш як 200 заўваг ад арганізацый, якім дакумент адпраўляўся на ўзгадненне. Шматлікія рэкамендацыі распрацоўшчыкі пагадзіліся ўлічыць.
"Напрыклад, мы адмовіліся ад абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі агульнадаступных інфармацыйных сістэм. Гэта неабгрунтаваная перашкода. Калі інфармацыя агульнадаступная, то навошта яе рэгістраваць? Цяпер сябрамі працоўнай групы вядзецца актыўная дыскусія наконт мэтазгоднасці абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інфармацыйных сістэм", – паведаміла Таццяна Сафроненка.
Законапраект, які распрацоўвае працоўная група, быў ініцыяваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, а таксама Дзяржаўным цэнтрам бяспекі інфармацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Выступаючы нядаўна ў рэдакцыі "Советской Белоруссии" з нагоды юбілею газеты, Аляксандр Лукашэнка даручыў спыніць "анархію ў Інтэрнэце". "Трэба прымаць закон і прапісаць у ім статус электронных СМІ. Анархію ў Інтэрнэце трэба спыняць", – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Раней, нагадаем, паступала інфармацыя, што Беларусь закупіла ў Кітая спецыяльныя інтэрнэт-фільтры для блакавання "непажаданай" інфармацыі і інтэрнэт-рэсурсаў. Праўда, інфармацыя гэтая так і не атрымала прамога пацверджання.