Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На радзіме Лукашэнкі вуліцы будуць называцца па-беларуску 15:57, 20/08/2007
У Шклове, дзе сёлета пройдзе афіцыйны Дзень беларускай пісьменнасьці і друку, грамадзкія актывісты вымусілі мясцовае начальства спыніць замену шыльдаў зь беларускамоўнымі назвамі вуліц на расейскамоўныя.
Амаль два тыдні шклоўскія грамадзкія актывісты на чале з старшынём рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым дамагаліся гэтага рашэньня. Урэшце заклікі актывістаў пачулі ў Магілёўскім аблвыканкаме, паведамляе “Радыё Свабода”.
У Шклоўскі райвыканкам патэлефанаваў намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Глаз і запатрабаваў памяняць расейскамоўныя шыльды на беларускамоўныя. Райвыканкам тут жа зрабіў заяўку на выраб новых шыльдаў.
Напярэдадні афіцыйнага Дня беларускай пісьменнасьці і друку ў Шклове мясцовая ўлада перайменавала вуліцу Ўрыцкага ў вуліцу імя Янкі Купалы, а Карла Маркса – у Якуба Коласа. Шыльды з новымі назвамі вырабілі па-расейску і пасьпелі іх замацаваць на сьценах дамоў.
Сёньня Рыгор Кастусёў сустрэўся з намесьнікам старшыні шклоўскага райвыканкаму Яўгенам Сімянкевічам, які назваў замену шыльдаў недарэчнасьцю і абвінаваціў у гэтым шклоўскіх камунальнікаў.
Дзень беларускай пісьменнасьці і друку будзе сьвяткавацца ў Шклове 2 і 3 верасьня і, выглядае, на вуліцах зь беларускамоўнымі назвамі.