Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тацяна Цішкевіч: «Калі Мікіту Сасіма схапілі, я падбегла яму дапамагчы» 10:35, 20/08/2007
У 9-м клінічным шпіталі Менску застаецца шпіталізаваная 18-гадовая Тацяна Цішкевіч, зьбітая 16 жніўня пасьля разгону акцыі, прысьвечанай Дню салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі. Дзяўчына хацела абараніць моладзевага актывіста Мікіту Сасіма, якога затрымлівалі супрацоўнікі АМАПу ў цывільным. На наступны дзень Мікіта Сасім быў арыштаваны на 10 сутак.
Таццяна Цішкевіч паразмаўляла з карэспандэнтам “Радыё Свабода”.
-- Які ваш стан, што непакоіць?
-- Што баліць? Зараз буду пералічваць. Галава баліць, страўнік, бо вельмі моцна ў жывот ударылі, цяпер страўнік вельмі моцна пячэ; крыху млосна. Баліць сьпіна, плечы, ныркі. Балюча ляжаць на сьпіне. Ужо кропельніцу раніцай ставілі.
-- Можаце коратка расказаць, як усё здарылася, з чаго раптам на вас накінуліся?
-- Калі гэтага хлопца схапілі, Мікіту Сасіма, дык я першая падбегла, каб яму дапамагчы. Яго тры чалавекі цягнулі, а збоку назіралі яшчэ трое, здаецца. І вось адзін зь іх зьнянацку падляцеў, па галаве некалькі разоў стукнуў, потым кінуў на асфальт і пачаў біць нагамі...
-- Ён быў у форме?
-- Не, ня ў форме.
-- Вы зьбіраецеся абскарджваць напад?
-- Так, я ўжо напісала заяву ў міліцыю. Раніцай у шпіталь прыходзіў міліцыянт, не хацеў, каб я штосьці пісала. “Будзеце ўсё ж пісаць?”, -- настойліва запытваў. Я адназначна адказала: так, буду.
-- Вам яшчэ не сказалі лекары, колькі могуць пратрымаць у шпіталі?
-- Пэўна, пасьля абходу будзе штосьці вядома. Паколькі ў першай палове дня яго не было, мабыць, пасьля абеду.