Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Каля 100 гандлёвых кропак былі сёння зачыненыя ў гандлёвым цэнтры «Мир моды» ў Ждановічах. Пра гэта паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў менскіх прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў. Па яго словах, адмовіліся выходзіць на працу прадпрымальнікі, якія гандлююць футравымі вырабамі. На іх думку, ва ўмовах заканадаўства, якое ўвесь час змяняецца, іх тавар можа быць канфіскаваны правяраючымі органамі ў любую хвіліну.
Для развязання сітуацыі ў Міністэрства па падатках і зборах выехаў лідэр грамадскага аб`яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
Гэта не першы інцыдэнт такога роду на рынку ў Ждановічах. Усяго два дні таму ў нядзелю, больш як 100 прадпрымальнікаў узялі ўдзел у стыхійным мітынгу, у які вылілася спроба падатковых органаў канфіскаваць партыю тавару ў адной з крам на рынку ў Ждановічах. Падчас праверак адной з крам, якая гандлюе футрамі (размешчаная на трэцім паверсе гандлёва-выставачнага цэнтра "Мир моды - 3"), прадавец не змог прад`явіць падаткавікам адзін з дакументаў. Сярод папер, якія ім былі прад`яўленыя для праверкі, нібыта не апынулася дазволу ад імя ўладальніка тавару рэалізоўваць яго прадаўцом або крамай. Правяраючыя заявілі, што ў гэтай сувязі ўвесь змешчаны ў краме тавар – прыкладна на 100 тысяч даляраў – падлягае вопісу і будзе канфіскаваны. Довады гандляроў пра тое, што яны не ведалі аб новаўвядзенні, не падзейнічалі.
Гэта выклікала бурны пратэст гандляроў трэцяга паверху выставачнага цэнтра, дзе размешчаныя крамы скураных і футравых вырабаў. Людзі, якія сабраліся вакол правяраючых, выказвалі абурэнне з нагоды дадзенага, па іх словах, “бясчынства". Іх падтрымалі прадпрымальнікі і прадаўцы, якія гандлявалі на іншых паверхах "Мира моды". У выніку на трэцім паверсе гандлёвага цэнтра сабраліся каля 100 чалавек, для якіх інцыдэнт стаў падставай распавесці прадстаўнікам улады пра свае праблемы. У прыватнасці, яны заявілі, што падатковыя і іншыя правяраючыя органы вядуць сапраўдную вайну з прадпрымальнікамі, не інфармуюць іх пра змены заканадаўства, увесь час уводзяць новыя патрабаванні ў справаздачнасці, канфіскоўваюць тавар.
У выніку да месца стыхійнага мітынгу прыбылі супрацоўнікі міліцыі і яго ўдзельнікі былі змушаныя разысціся.