Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка сказаў - усе рынуліся рапартаваць 14:07, 22/08/2007
Інтэрв`ю намесніка міністра інфармацыі Аляксандра Слабадчука каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец.
На думку Бастунца, размовы на тэму рэгулявання Байнэту істотна актывізаваліся пасля нядаўняй заявы Лукашэнкі пра неабходнасць спыніць “анархію ў Інтэрнэце”.
-- Кіраўнік дзяржавы сказаў - усе рынуліся рапартаваць і актыўна рухацца ў гэтым накірунку. Тут жа раптам пачаў прасоўвацца наперад амаль ужо накіраваны на дапрацоўку законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“. Тут жа з`явілася гэтае інтэрвью – значыць, хутка “ўсплыве” новая рэдакцыя закона “Аб СМІ” альбо будуць унесеныя змяненні ў дзейны закон...
Абгрунтоўваючы неабходнасць распрацоўкі закона аб дзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў у рамках заканадаўства аб СМІ, намеснік міністра прыводзіць вельмі блытаную і супярэчлівую сістэму аргументаў. Спачатку ён заяўляе, што дзейнасць інтэрнэт-рэсурсаў у нашай краіне ніяк не рэгулюецца. З іншага боку – прызнае, што на іх распаўсюджваюцца ўсе нормы грамадзянскага, крымінальнага заканадаўства, законаў аб рэкламе, аб аўтарскіх правах. Тобок, насамрэч механізмы ўздзеяння на інтэрнэт-рэсурсы існуюць, і інтэрнэт не знаходзіцца “па-за сферай прававога рэгулявання”. Крымінальныя справы, якія ўзбуджаюць у сувязі са з`яўленнем тых ці іншых публікацый у інтэрнэце, яскрава пацвярджаюць гэта...
...Спасылкі беларускіх афіцыйных асобаў на “еўрапейскі досвед” – звычайная рэч. Але, зазначым, гэты “досвед” накіраваны не на ўрэгуляванне дзейнасці Інтэрнэт, а на прадухіленне распаўсюду шкоднай і небяспечнай для грамадства інфармацыі, і не больш. Наадварот: падыходы еўрапейскіх структур – і АБСЕ, і Рады Еўропы – заключаюцца ў тым, каб садзейнічаць самарэгуляванню дзейнасці інтэрнэт-прасторы. І, калі з вуснаў намесніка міністра гучаць словы пра стварэнне спецыяльных фільтраў (са спасылкай на “кітайскі варыянт”), тады ўзнікае цалкам абгрунтаваная насцярожанасць.
Інтэрнэт – гэта трансгранічны сродак камунікацыі. Таму на лакальным узроўні вырашыць праблемы рэгулявання гэтай сферы можна толькі адным спосабам – устанавіўшы фільтры і ўвёўшы жорсткія абмежаванні, як гэта зроблена ў тым самым Кітаі.
- Намеснік міністра паведаміў пра стварэнне “на рэспубліканскім узроўні” працоўнай групы, якая зоймецца “вывучэннем і прапрацоўкай” гэтай праблемы...
- Відаць, стала зразумела, што ў тых людзей, якія дагэтуль займаліся распрацоўкай законапраекту, не хапае кваліфікацыі і ведаў у сферы інтэрнэт. Таму і было вырашана стварыць новую групу, каб яна больш сістэмна занялася гэтым пытаннем. Аднак выглядае на тое, што усё рэгуляванне будзе заключацца ў спробе стварыць своеасаблівы плот вакол Беларусі – ці то тэхналігічны, ці то заканадаўчы.
Ясна, што ўсё ўзяць і закрыць сёння ўжо, мабыць, немагчыма. Аднак істотна абмежаваць інтэрнэт-прастору – гэта рэальна. А яшчэ больш рэальна стварыць умовы для “кропкавага” прыцягнення да адказнасці асобаў, якія працуюць сёння ў інтэрнэце...