Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Стабільнасьць ці магчымы дэфолт: вайна крэдытных рэйтынгаў Беларусі 11:29, 23/08/2007
21 жніўня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва “Standard & Poor`s” прысвоіла Беларусі сувэрэнны крэдытны рэйтынг: доўгатэрміновы ў замежнай валюце "В+", кароткатэрміновы ў замежнай валюце – "В", доўгатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце – "ВВ", кароткатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце – "В". Што азначаюць гэтыя паказчыкі? Як яны стасуюцца з прагнозамі некаторых эканамістаў аб хуткім краху беларускай эканомікі?
Крэдытны рэйтынг – ацэнка фінансавага здароўя краіны, на гэты паказьнік арыентуюцца банкі і ўрады, калі вырашаецца пытаньне, на якіх умовах даваць гэтай краіне крэдыты. Чым горшы рэйтынг, тым больш рызыкоўным зьяўляецца яе крэдытаваньне, тым з большай неахвотай і пад большы працэнт ёй даюць крэдыты, нагадвае “Радыё Свабода”.
Ацэнка, выстаўленая агенцтвам Standard & Poor`s Беларусі – сярэдняя. У камэнтары да яе агенцтва адзначае “дамінаваньне дзяржавы ў эканоміцы, слабую зьнешнюю ліквіднасьць, а таксама цэнтралізаванасьць палітычнай сыстэмы, якая зьніжае прадказальнасьць палітычных рашэньняў”.
Беларускае міністэрства фінансаў выказала задавальненьне атрыманым рэйтынгам, прыблізна такі ягоны паказьнік міністэрства і чакала. На думку міністэрства, рэйтынг адлюстроўвае стабільнасьць узроўню эканамічнага разьвіцьця краіны. Мінфін зьвяртае ўвагу на выснову Standard & Poor`s, паводле якой “эканоміка Беларусі зьяўляецца адной з найбольш разьвітых сярод краін яе катэгорыі рэйтынгу”.
Тым часам некаторыя незалежныя эканамісты ацэньваюць эканамічны і фінансавы стан краіны як вельмі кепскі, яны лічаць вельмі верагоднымі дэвальвацыю і нават дэфолт. Чаму ж міжнароднае агенцтва дае такі параўнаўча высокі рэйтынг Беларусі?
Падчас апошняга беларуска-расейскага газавага крызысу мы паведамлялі пра ацэнку, дадзеную беларускай эканоміцы іншым міжнародным рэйтынгавым агенцтвам – Globalinsight. Паводле гэтай ацэнкі, краіна знаходзіцца на мяжы дэфолту. Цяперашняя ацэнка, дадзеная Standard & Poor`s, значна больш аптымістычная. У чым прычына такіх адрозьненьняў у ацэнках? Гаворыць аналітык кампаніі Globalinsight Натальля Лешчанка:
“Разьбежка толькі ў тым, як мы ацэньваем магчымы адказ беларускага ўраду на тыя праблемы, якія цяпер існуюць. Нашы агенцтвы маюць аднолькавы погляд на тое, якія праблемы трэба вырашаць Беларусі: у эканоміцы пануе дзяржаўны сэктар, валютных рэсурсаў недастаткова для пакрыцьця зьнешніх абавязкаў, канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў вельмі нізкая. І нельга чакаць вялікага прытоку інвэстыцый з-за мяжы. Ацэнка сытуацыі ў нас насамрэч падобная. Дарэчы, рэйтынг, які даў Standard & Poor`s, належыць да катэгорыі спэкуляцыйных.
Таму тут няма вялікай падставы для аптымізму. Нашы ацэнкі адрозьніваюцца тым, што Standard & Poor`s больш аптымістычна глядзіць на магчымасьць структурных рэформаў у беларускай эканоміцы. А нам, кампаніі Globalinsight здаецца, што магчымасьць таго, што беларускі ўрад пойдзе на гэты крок, меншая, чым гэта здаецца Standard & Poor`s.
Мы не адмаўляемся ад нашай ацэнкі, нашы эканамісты працягваюць лічыць, што Беларусь – у вельмі цяжкім становішчы. Насамрэч, справа ня ў тым, што наш рэйтынг такі нізкі, справа ў тым, што рэйтынг Standard & Poor`s не такі высокі, як здаецца і падаецца".