|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Крысцьян Бэнэдэці: «Мы пабачылі шмат людзей эўрапейскага мысьленьня» 17:16, 24/08/2007 Крысьціян Бэнэдэці – адзін з трох грамадзянаў Францыі, якіх 22-га жніўня ў ліку яшчэ 50 чалавек затрымала беларуская міліцыя на спэктаклі “Свабоднага тэатру”. Гэта спадар Бэнэдэці паставіў спэктакаль “Адзінаццаць кашуль” па п’есе ангельскага рэжысэра Эдварда Бонда. «Пра такія рэчы ў нас ужо забыліся» Як вядома, спроба прэм’еры была паўторана на наступны дзень, але ўжо ня ў Менску, а ў Валожынскім раёне. І аказалася больш удалай. Выслухаўшы віншаваньні з прэм’ерай, рэжысэр Крысьціян Бэнэдэці падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра назіранае ў Беларусі. “Тое, што я ўбачыў тут, ня вельмі мяне й зьдзівіла. Бо мяне папярэджвалі, што падобнае можа адбыцца. Хаця, канечне, разгон спэктаклю – пра такія рэчы ў нас ужо забыліся. Але хачу заўважыць, што паліцыя паўсюдна мысьліць у адным накірунку. Тут дыктатура аднаго чалавека, а ў нас дыктатура грошай. Галоўнае ж уражаньне ў мяне іншае: у вас гэтак шмат людзей, насуперак усяму, мысьляць і паводзяць сябе як эўрапейцы. Мы яшчэ раз пераканаліся, што тэатар – добрая пляцоўка для разьвіцьця дэмакратыі”. «У Беларусі гвалту супрацьпастаўляюць жарт» П’еса “Адзінаццаць кашуль”, па якой пастаўлены спэктакаль “Свабоднага тэатру”, – пра гвалт у школьным асяродку. Рэжысэр спэктаклю разгортвае тэму шырэй: “Пра тое, што людзі могуць супрацьпаставіць гвалту”. Паводле Крысьціяна Бэнэдэці, ён заўважыў, што ў Беларусі гвалту супрацьпастаўляюць узаемную падтрымку, а яшчэ – жарт. “У вашым пастарунку мы нават на тварах некаторых міліцыянтаў бачылі ўсьмешкі”, – прыгадвае француз. На разьвітаньне Крысьціян Бэнэдэці сказаў, што з радасьцю прыедзе ў Беларусь зноў, бо мінулыя падзеі не адбілі ў яго жаданьня працаваць са “Свабодным тэатрам”. Халезін: «Мы чакаем хвалі пратэстаў» Са слоў кіраўніка тэатру Мікалая Халезіна, на зрыў спэктаклю і затрыманьні актораў і гледачоў дагэтуль прыходзяць шматлікія водгукі. “Усе тэатральныя дзеячы кажуць, што гэта выключны выпадак і вельмі дрэнны прыклад для іншых дыктатур. Мы чакаем хвалі пратэстаў. З намі ўвесь час зьвязваюцца былы чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл і вядомы драматург Том Стопард: пытаюцца, чым могуць дапамагчы. Мы пакуль возьмем тайм-аўт, крыху адпачнем. Бо акторам пасьля затрыманьня было вельмі цяжка іграць спэктакль”. Між тым, паводле Мікалая Халезіна, ужо ў верасьні “Свабодны тэатар” едзе на гастролі – спачатку ў Нямеччыну, потым у Швэцыю, Фінляндыю і Армэнію. Юхневіч: «Супрацоўнікі КДБ і амапаўцы трымаліся вельмі жорстка і нахабна» Таксама ўдалося дазваніцца да Паўла Юхневіча, гледача спэктаклю, на якога склалі пратакол нібыта за хуліганства. Суд над юнаком пакуль не адбыўся. Учора сувязь з Паўлам адсутнічала. Сёньня малады чалавек выказаў свае меркаваньні пра затрыманьне і знаходжаньне ў Савецкім РАУС. “Падкрэсьлю: затрыманьне праводзілі супрацоўнікі КДБ і амапаўцы. Трымаліся вельмі жорстка і нахабна. А вось звычайныя міліцыянты, якія нас перапісвалі і бралі тлумачэньні, абыходзіліся з намі вельмі карэктна. Гэта ўсе адзначылі”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|