|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Віктар Івашкевіч: «Супраца з Еўразвязам выгадная і ўладзе, і беларускаму народу» 13:55, 24/08/2007
-- Чаму вырашана праводзіць Еурапейскі марш? -- У канцы мінулага года Еўразвяз зрабіў Беларусі канкрэтныя прапановы эканамічнага супрацоўніцтва. Яны прадугледжваюць фінансаванне і мадэрнізацыю беларускай прамысловасці, энэргетычнай і транспартнай сістэмы, лякарняў, усялякіх сацыяльных і экалагічных (у тым ліку чарнобыльскіх) праектаў на дзесяткі мільярдаў эўра. Пры гэтым не ставяцца ўмовы выкупа ці перадачы ва ўласнасць Еўразвязу беларускіх прадпрыемстваў, уваходу у саюзныя ці еўразвязаўскія дзяржавы. Выклікана гэта тым, что ЕЗ ужо мяжуе з Беларуссю. Кожны жадае, каб сусед быў заможны , “прыстойны” і прадказальны, а не з’яўляўся прычынай нейкіх катаклізмаў накшталт газавых войнаў з Расеяй, ці, не дай бог, “другой Чачні”, як выказваў Лукашэнка. Але пры гэтым былі выстаўленыя некалькі ўмоваў . Асноўныя – даць свабоду СМІ і палітычным вязьням, правесці сумленныя выбары, каб бюлетэні падлічвалі і ўлада, і апазіцыя. Дзеючая ўлада пакуль што не пайшла на пагадненне з Еўропай. Але, пасля таго, як Расея спыніла датацыі ў выглядзе танных энерганосьбітаў, беларуская эканоміка апынулася ў перадкрызісным стане. Спадзяваліся на мільярдныя крэдыты ад Расеі, яшчэ дзе-небудзь знайсіці грошы. Трэба тэрмінова вырашаць, як мы будзем далей жыць. Пакуль улады ідуць шляхам экстэнсіўным: панабіраць як мага болей крэдытаў. Але хто іх будзе аддаваць? Відавочна -- мы. Гэта як з газам: з новага году дзяржава плаціла Расеі па старых коштах – 55 даляраў, з людзей жа бралі па 100. Рэальнае для нас выйсце – мадэрнізацыя эканомікі. Хто можа дапамагчы? Мы упэўненыя, што Еўразвяз, які зрабіў гэтыя канкрэтныя прапановы. Адзіны “сябра” беларускага ўраду -- Крэмль гатовы супрацоўнічаць, але на сваіх умовах: хоча скупіць нашыя прадпрыемствы для таго, каб іх закрыць, бо Расея ўжо запусціла свае, якія выпускаюць і трактары, і халадзільнікі, якія канкуруюць на расейскім рынку з беларускімі таварамі . Хто працуе на нашых заводах, той ведае, што склады заваленыя прадукцыяй, якая ўжо не можа быць рэалізаваная ў Расеі. Прыклад – адмова купляць беларускі цукар, якога Расея купляла ў нас каля паўмільёна тон у год. І так па цэлым шэрагу пазіцыяў: ад БМЗ да трыкатажу і масла, квоты на продаж якога Лукашэнка некалі выйграваў (як ён казаў) у Лужкова. Таму адзінае выйсце – эканамічная супраца з Еўразвязам. Маршам мы хочам падштурхнуць улады пайсці на пагадненьне з Еўропай. Але для гэтага яны павінны прадэманстраваць хаця б імкненне, што гатовыя стаць цывілізаваным партнерам: пачаць выконваць хоць якія умовы, выстаўленыя Еўразвязам. Гэтыя ўмовы не патрабуюць ні адстаўкі Лукашенкі, ні змены ўраду, не кранаюць персанальныя пытанні тых, хто ва ўладзе. Патрабаванне адно – каб пачалася дэмакратычная працэдура - не біць палкамі па галовах маніфестантаў і вызваліць палітвязняў. Супраца з ЕЗ выгадная і сённяшняй уладзе, і беларускаму народу, бо дасць магчымасць зарабляць як наменклатуры, так і ўсім беларусам. І калі такая палітыка будзе праводзіцца эфектыўна, то нішто не перашкодзіць уладам зноў атрымаць падтрымку на выбарах: захочуць людзі выбраць Лукашэнку – калі ласка, толькі правядзіце выбары сумленна. Сваёй маніфестацыяй мы хочам прадэманстраваць, што ў Беларусі шмат людзей, якія хочуць нармальных добрасуседзкіх адносінаў з Еўропай. Тое ж мы хочам прадэманстраваць і Еўропе. Мы спадзяемся пераканаць уладу, ці хаця б падштурхнуць яе да разумення, што супрацоўніцтва з Еўропай выгадна ўсяму беларускаму народу: як простым людзям, так і тым, хто знаходзіцца ва ўладзе і хто ў апазіцыі да гэтай улады. Мы бы хацелі, каб у дачыненнях з Еўропай і улада, і народ, і апазіцыя займалі аднолькавую пазіцыю. -- Чаму вырашана праводзіць Марш менавіта зараз? -- На наш погляд сітуацыя ў Беларусі пераходзіць у пераломную стадыю. Ва ўладных структурах існуюць дзве арыентацыі, так бы мовіць “заходнікі” і “ўсходнікі”, звязаныя з магчымасцю зарабляць грошы адпаведна на ўсходзе і захадзе. Яны прыкладна аднолькавыя па памерах (адпаведна гандлёваму балансу Беларусь –Еўропа і Беларусь–Расея). Ясна, што яны найперш лаяльныя да ўлады, але эканамічныя інтарэсы дыктуюць сваё. Усходні вектар апошнім часам рэзка стаў памяншацца. Эканоміка дыктуе пошук кампрамісаў. Закалоты, звязаныя з эканамічным крызісам, нікому не патрэбныя. --Чаму вы думаеце, што ўлада прыслухаецца да вашых прапановаў? Апошнія 13 гадоў не даюць падставаў для аптымізму. -- Гэта не зусім так. Вонкава ўлада не змянілася, але некаторыя прапановы апазіцыі яна выканала. Узяць хаця б ідэалагічную кампанію “За незалежную Беларусь”, якую ўлады правялі з небывалым размахам. Ці апошні прыклад – адмова ад расейскага рубля на карысць амерыканскага даляра. Капля точыць камень. Сітуацыя на сённяшні дзень падобная да раўнавагі шаляў, калі і ўсходні, і заходні вектары ўраўнаважваюць адзін аднаго. І чым болей людзей выйдзе на Еўрапейскі марш, тым большая верагоднасць, што развіццё краіны павернецца ў еўрапейскі бок. -- Арганізатары акцыі заклікаюць афіцыйныя ўлады да супрацоўніцтва падчас правядзеньня Еўрапейскага марша. Чаго вы чакаеце? -- Найперш чакаем разумення, што гэтая акцыя ў іх жа інтарэсах, што яна напраўленая на карысць ўсяго беларускага народу. Спадзяемся, што ўлады, як мінімум, не будуць перашкаджаць правядзенню акцыі і пачнуць перамовы з апазіцыяй на прадмет тых крокаў, якія патрэбна зрабіць Беларусі, каб еўрапейская эканамічная дапамога стала рэальнасцю. -- Як ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскага марша? -- Вядзецца інфармацыйная кампанія. У бліжэйшыя дні пачнецца масавае распаўсюджванне папяровых інфармацыйных матэрыялах. Усе дэмакратычныя сілы распачалі кампанію “Госць з Еўропы”, запрашаюччы на Еўрапейскі марш сваіх партнёраў з іншых краінаў. На наступных тыдні пачнуцца перамовы з уладамі – група дэмакратычных палітыкаў збіраецца сустракацца з мэрам Менску. Таксама на наступным тыдні будзе праведзены шэраг прэс-канферэнцый з удзелам моладзевых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, творчых асобаў, якія распавядуць аб сваім удзеле ў падрыхтоўцы Еўрапейскага марша.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|