Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камісарка ЕЗ устрывожаная новымі арыштамі актывістаў у Беларусі 17:06, 27/08/2007
Еўракамісарка па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер "устрывожаная новымі арыштамі і затрыманнямі" моладзевых актывістаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце Еўракамісіі.
"Пасля арыштаў і затрыманняў некаторых сябраў беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў ліпені, з асуджэннем якіх я ўжо выступала, я ўстрывожаная новымі арыштамі і затрыманнямі, пра якія паведамлялася ў апошнія дні, у тым ліку арыштам Паўла Севярынца", – падкрэсліваецца ў заяве.
Б.Ферэра-Вальднер заклікала беларускія ўлады "неадкладна вызваліць усіх, хто затрыманы па палітычных матывах, і паважаць неад`емнае права людзей Беларусі на мірныя сходы і свабоду выказванняў".
Нагадаем, апазіцыйны палітык П.Севярынец быў затрыманы 19 жніўня ў Берасці падчас прэзентацыі сваёй кнігі "Лісты з лесу" ў офісе Берасцейскай арганізацыі Партыі БНФ. Разам з ім былі затрыманыя 30 чалавек. Суд Маскоўскага раёна Берасця 22 жніўня прысудзіў Севярынца да 15 сутак арышту па ч. 3 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).
Сёння быў затрыманы моладзевы лідэр Аляксей Шыдлоўскі. У мінулыя выходныя ў Берасці і Нясвіжы затрыманыя шэсць актывістаў «Маладога Фронту».