Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уцёкі ад нязручнага расейскага рубля 12:24, 27/08/2007
Нацбанк Беларусі з 2008-га года прадугледжвае прывязку курсу беларускага рубля толькі да адной валюты – даляра ЗША. Такім чынам, канчаецца эпоха, калі галоўны банк краіны, кіруючыся дзяржаўнай інтэграцыйнай стратэгіяй, выкарыстоўваў у якасці прамежкавага манетарнага арыенціру іншую валюту – расейскі рубель.
У структуры беларускіх золатавалютных рэзерваў пераважаюць даляры ЗША, а не расейскі рубель, які яшчэ не стаў сусветнай рэзервовай валютай. Нягледзячы на высокую ступень залежнасці знешнегандлёвага абарачэння Беларусі ад Расеі (былі часы, калі яе доля дасягала 80%, расейскі рубель так і не здолеў стаць валютай №1 для нашай краіны, адзначае «Белгазета» . У валютнай выручцы Беларусі на долю даляра ЗША па-ранейшаму даводзіцца 55%, на расейскі рубель – 32%, а на еўра – 11%.
Шматлікія каментары беларускіх і расейскіх экспертаў зводзіліся да таго, што адмена прывязкі беларускага рубля да расейскага Нацбанкам РБ носіць палітычны характар. Найбольш характэрным можна лічыць меркаванне прэзідэнта банка "Расейская фінансавая карпарацыя", экс-міністра эканомікі РФ Андрэя Нячаева, выказанае ім у эфіры радыё "Эхо Москвы". 15 жніўня ён заявіў, што намер Беларусі зрабіць арыенцірам для сваёй валюты даляр ЗША замест расейскага рубля можа канчаткова "паставіць крыж" на стварэнні адзінай валюты, піша газета «Белорусы и рынок».
Але ёсць яшчэ адзін аспект. У апошнія гады расейскі рубель дэманструе большую ўстойлівасць у параўнанні з амерыканскай валютай. Даляр значна хутчэй зніжае сваю пакупніцкую здольнасць на сусветным рынку. Кошт амерыканскай валюты падае адносна расейскага рубля, не кажучы ўжо пра еўра. На гэта ўплывае рост сусветных цэн на энерганосьбіты, значныя выдаткі на ваенныя кампаніі, нестабільнасць на фондавых рынках, невысокая стаўка рэфінансавання ў ЗША.
Беларускаму ўраду значна прасцей забяспечваць бачнасць эканамічнай стабільнасці, неўзаметку апускаючы беларускі рубель разам з далярам. Ад расейскага рубля, які псуе карціну «дабрабыту», вырашылі адмовіцца. Напрыклад, 11 траўня 2006 года даляр ЗША каштаваў Br2146, але за 1 расейскі рубель давалі Br77,33. Сёння за даляр ЗША даюць Br2147, а за расейскі рубель ужо на 8% больш – Br83,42.
Але нельга выключыць, што ў 2008 годзе з адноснай стабільнасцю курсу беларускага рубля па дачыненні да амерыканскага даляра будзе скончанае. Інакш захаванне курсу нацыянальнай валюты любой цаной можа стацца стратай значнай часткі золатавалютных рэзерваў, папярэджваюць эксперты.
«Нават пры лаяльных паводзінах даляра як крытэру для ацэнкі функцыянальнага стану эканомікі, у канчатковым выніку палітыка прывязкі да даляра асуджаная на стратэгічную паразу», – лічыць эканамічны аглядальнік сайта «Наше мнение» Канстанцін Скуратовіч.