Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
2728 29 30 31    




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Тэатральныя нататкі з акцыіі спецназа
11:29, 27/08/2007, Уладзімір Халіп

Няўдзячная краіна Беларусь. Цяжка ўладзе ў гэтым краі. Няма спакою, хоць ты плач. Азірнешся навокал – цішыня. Нават птушкі без дазволу не шчабечуць. Зноў зірнеш – Каліноўскі ў лесе з касінерамі. Слуцкія паўстанцы ўздымаюць бел-чырвона-белы сцяг. І абвяшчаюць сябе войскам БНР!..

А ў новыя часы хіба лягчэй?

Якіх неверагодных намаганняў каштавала ўладзе мёртвыя, глухая цішыня. Па тутэйшаму -
стабільнасць. Здавалася б, усе бунтаўнікі загнаныя за краты. Дэманстранстранты змецены спецназам. Незадаволеныя выкінуты ў беспрацоўныя ў адпаведнасці з кантрактам. Па колькасці зняволеных на пэўны лік насельніцтва выходзім у лідэры не толькі ў Еўропе. У адной толькі сталіцы – ажно чатыры турмы, не ўлічваючы бамжатнікаў пры кожным пастарунку. Здавалася б, жыві, радуйся…

Але варта азірнуцца зноў – мы нібы Рэспубліка Саветаў васемнаццатага года. Куды ні кінь – варожыя франты. Дзякуй нашым судам, самым справядлівым у свеце, у змаганні з Маладым фронтам сякія-такі зрухі ёсць. Колькі выцеснена за мяжу, колькі пасаджана! Была надзея, што як у Леніна ў тую грамадзянскую, павінна надысці, нарэшце, перадышка.

Хто ж мог падумаць, што зваліцца, як снег на галаву, новы фронт. Немагчымы, нечаканы - фронт мастацтва.

Здавалася б, там такі наведзены парадак – ніхто і шэптам крамолы не прамовіць. Усё падстрыжана, падроўнена. Славуты ангельскі газон пазайздросціць. Мастакі загнаны ў кут. Усе падазроныя рэжысёры звольнены. Ніякіх табе Артураў Уі на роднай нашай сцэне. Апошнія ненадзейныя акторы ў Рускім тэатры вырваны з коранем, як шкодная трава. І раптам – нейкі “Свабодны тэатр”!..

Мала таго, што тэатр, дык яшчэ свабодны! А хто яму дазволіў быць такім?..

І на спектакль уводзіцца спецназ. Мэта – самая высакародная. Уратаваць усіх ад страшэннай небяспекі. Па легендзе, нейкі пільны ананім патэлефанаваў, куды трэба, што закладзена міна. Той самы дабразычлівец, напэўна, што прымушаў таварыша Кебіча зрываць непажаданыя паседжанні Вярхоўнага Савета, пасылаючы ў залю сапёраў і спецслужбы. А потым, падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, змушаў генерала Сухарэнку лавіць у гарадскім вадаправодзе пацука.

Чакайце! Недзе ж яшчэ спецназ урываўся на спектаклі. Так, Польшча васьмідзесятых. Адам Міцкевіч, “Дзяды”. Тэатр у ролі ворага рэжыму. І што, дапамог спецназ генералу Ярузельскаму утрымаць крэсла?

А мэта была тая ж – напалохаць да беспамяцтва. Пасеяць страх перад магутнай, неадольнай сілай. І каваны жалезам спецназаўскі чобат здаваўся сродкам адмысловым. Але якой бы жорсткай ні была дыктатура, рана ці позна звярыны інстынкт самазахавання яе падводзіць. Першая прыкмета гэтага – страта адчування жанру. Яна не заўважае, што манументальная драма, якая так велічна разгортвалася напачатку, даўно ператварылася ў фарс. І спецназ, які ўрываецца на спектакль прыватнага тэатра, гэта не страшна.

Гэта – смешна.

Слава новаствораных спецсілаў здабыта ў брутальных разгонах дэманстрантаў. Было чым ганарыцца! Навошта ж зноў і зноў змушаць іх на недарэчныя ўчынкі? Ну каго напалохала спецназаўская аперацыя па зрыву нежаданага спектакля? А тым болей, дастаўка гледачоў і актораў у пастарунак? Яны спалохаліся?

Яны смяяліся. І разам з імі смяяўся свет. Як можна ў дваццаць першым стагоддзі высвятляць адносіны з мастацтвам пры пасярэдніцтве спецназу? Толькі закляты вораг гэтай улады мог распрацаваць такую ўбогую акцыю. Тэатр ведаюць у Еўропе. Яго творчыя знаходкі адзначаны прэстыжнымі ўзнагародамі. Нават калі ўсю трупу выдаліць з краіны, як гэта апошнім часам практыкуецца, яна не прападзе. Наіўна меркаваць, што абурэнне Тома Стопарда нічога не значыць, паколькі сэра Тома не ведаюць у Драздах. Да таго ж, усё забароненае выклікае надзвычайную цікавасць. І набывае нечаканую моц. Хіба можна забываць сумны досьвед Савецкага Саюза: кожны твор мастацтва, выкінуты за мяжу, вяртаецца бумерангам.

А зацятая вайна з мастацтвам, якая пачалася неўзабаве пасля нядоўгай хрушчоўскай адлігі, чаканай перамогі не прынесла. Яна толькі засведчыла, што рэжым уступіў у стадыю маразму.

Няма падстаў меркаваць што краіну нашу ліхая доля абміне. Агульныя законы яшчэ ніхто не адмяніў. І як ні круці, а набліжаецца паціху той момант, калі давядзецца, скарыўшыся лёсу, ціскануць дзе-небудзь аб’яўку: “Сімпатычны добразычлівы рэжым мяняе невялікую ўтульную краіну на выспу ці паўвыспу. Еўропу не прапаноўваць”.

І нічога страшнага. Так заўсёды ў гэтым свеце. Хацелі зрабіць нешта добрае, а атрымалася…

Жыццё, як вядома, - тэатр.

І спектакль, які доўжыцца на нашай сцэне трынаццаты год, яўна праваліўся. А чаго было чакаць? Чужая, сумніўная п’еска. Надзіва слабая трупа. Непрафесійная рэжысура. Аднастайныя маналогі аднаго актора і спецназаўская масоўка даўно нікога не натхняюць. І ўсё мацней – доўгія няўдзячныя апладысменты.

Час даваць заслону.


hhhhh

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97.

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая.


Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: