Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чаргінец пра заяву пасла Расеі: «Адны выступы павінны ацэньваць палітыкі, а іншыя – можа, нават лекары» 15:15, 28/08/2007
Камэнтуючы заяву амбасадара Расеі ў Менску пра магчымае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, старшыня міжнароднай камісіі «савету рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Беларусі Мікалай Чаргінец заявіў, што ў цяперашняй сытуацыі гэтае пытаньне нельга вырашыць.
“Для таго, каб вырашаць гэтае пытаньне, трэба весьці перамовы, трэба сустракацца і абмяркоўваць. Ніякіх размоваў ні ўнутры Беларусі, ні на міжнароднай арэне, ні на беларуска-расейскіх перамовах, на гэту тэму не было. Таму ставіць гэта пытаньне як пытаньне, якое рашаецца ці абмяркоўваецца, нельга. Таму, што меў на ўвазе паважаны амбасадар Расеі ў Менску спадар Сурыкаў, мне цяжка сказаць, і я думаю, што трэба зьвяртацца да яго”, -- сказаў спадар Чаргінец.
На пытаньне “Радыё Свабода”, ці хацела б Беларусь мець на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю, Чаргінец адказаў:
“Беларусь не хацела б мець на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю – ні расейскую, ні амэрыканскую, ні іншую. Яна ёсьць адзінай краінай у сьвеце, якая дабраахвотна, без усялякіх умоваў, не атрымаўшы за гэта ні цэнта, вывела са сваёй тэрыторыі ракетную ядзерную зброю.
Пасьля гэтага, праўда, былі парушэньні гэтых абавязацельстваў з боку ЗША, якія абяцалі дапамагчы Беларусі ў ліквідацыі шахтаў пускавых установак міжкантынэнтальных балістычных ракет. Яны гэтага не зрабілі.
Былі нейкія папрокі адносна Беларусі, нават насьмешкі, калі яна вылучала прапановы аб стварэньні безьядзернай зоны ў Эўропе, заклікала краіны-суседзі ўзяць на сябе такія абавязацельствы. Усё гэта заставалася без рэагаваньня.
Беларусь безьядзерная дзяржава. Яна не плянуе ўвядзеньня ядзернай зброі на сваю тэрыторыю. І ніякіх перамоваў у гэтым пытаньні не вядзе”.
На пытаньне, ці можна разглядаць тады як правакацыю заяву расейскага пасла, чыноўнік адказаў:
“Мы да гэтага ставімся спакойна, з годнасьцю, разумеючы, што кожны можа гаварыць усё, што ён хоча. Але адны выступы павінны ацэньваць палітыкі, а іншыя – можа, нават лекары. Таму я не разглядаю гэта як правакацыю. Кожны мае права гаварыць, у тым ліку амбасадар Расеі. Але ніякіх перамоваў на гэту тэму паміж Беларусьсю і Расеяй не вялося і не вядзецца”.