|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Як Еўразвяз можа дапамагчы беларускай эканоміцы 11:00, 28/08/2007 Структура субсідавання ў Еўрапейскім Звязе, дзе на малыя прадпрыемствы прыходзіцца да 70% ВУП, іншая. Кампанентамі і прыярытэтамі новай палітыкі Еўразвяза ў дачыненні малога і сярэдняга бізнэсу сталі інавацыйнае развіццё, забеспячэнне фінансавых магчымасцяў бізнэсу, заахвочванне прадпрымальніцтва, удзел малога і сярэдняга бізнэсу ў стандартызацыі тавараў і паслуг, падатковыя ільготы і г.д. Бо эканамічны рост ва ўсёй Еўропе наўпрост залежыць ад здольнасці малога бізнэсу развівацца, піша БелаПАН. Больш субсідый на развіццё Рост дзяржаўных субсідый для малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Еўропе недастатковы – палічыла Еўракамісія ў штогадовым дакладзе аб дзяржпадтрымцы. Еўрапейскія службоўцы павялічылі памер субсідыі, якую нацыянальныя ўрады могуць даваць кампаніям, не пытаючы дазволу агульнаеўрапейскага ўрада. «Падвышэнне парога паменшыць нагрузку на еўрабюракратыю і дазволіць рэгіянальным і нацыянальным уладам даць малым прадпрыемствам грошы на мадэрнізацыю або пашырэнне», – заявіў Крыстафер Лейтл, прэзідэнт Саюза малога і сярэдняга бізнэсу Еўразвяза, каментуючы запаволенне тэмпаў росту дзяржаўных субсідый у Еўропе. Санкцыю на выдачу субсідыі звыш як на 130 тысяч даляраў урады Еўропы павінны былі атрымоўваць у Еўракамісіі. У красавіку гэты парог быў падвышаны ўдвая. Самую магутную прамую падтрымку эканоміцы аказвае Нямеччына ($20,3 млрд.), Францыя ($12,6 млрд.), Італія ($8,3 млрд.) і Вялікабрытанія ($5,8 млрд.). А па дачыненні субсідый да ВУП лідзіруюць Мальта (3,1%, Вугоршчына (1,83%, Фінляндыя (1,75%), Кіпр (1,43%) і Швецыя (1,08%). Усё больш дзяржсубсідый у Еўропе дастаецца не асобным кампаніям, а сектарам эканомікі. Такіх субсідый цяпер 90%. Еўракамісія ўхваляе дапамогу інавацыйным дробным і сярэднім прадпрыемствам. Традыцыйна ў Еўропе каля траціны субсідый накіроўваюцца на падтрымку навакольнага асяроддзя і энергазахаванне. Гранты для тых, хто «падцягваецца» Краінам-сябрам Еўразвяза, нацыянальныя ўрады якіх не маюць дастатковых сродкаў для падтрымання канкурэнцыі з замежнымі кампаніямі, Еўразвяз аказвае грантавую дапамогу. Напрыклад, 22 мільёны еўра вылучае Еўразвяз на падтрымку кіпрскага малога бізнэсу. Цяпер службоўцы Кіпра распрацоўваюць праект падтрымкі малога бізнэсу на 2007-2013 гг., накіраваны на падтрыманне канкурэнцыі з кампаніямі ў іншых краінах еўрапейскай супольнасці. Поўны кошт праекту можа дасягнуць і 46 мільёнаў еўра, аднак канчатковая сума залежыць ад колькасці і зместу заяў. 35% фінансаванні накіраваныя на падтрымку кампаній, у якіх працуе менш за 9 чалавек. Сума самага вялікага гранта для такіх фірм – 200 000 еўра. Кампаніі, у якіх працуе да 49 чалавек, могуць разлічваць на максімальны грант да 300 000 еўра. Прадпрыемствы, дзе колькасць супрацоўнікаў не больш як 250, маюць права падаваць заяву на атрыманне гранта на суму 400 000 еўра. Што ж тычыцца маленькіх фірм (колькасць супрацоўнікаў не больш за 3), то яны маюць права атрымаць грант на 80 000 еўра. Як неаднаразова абмяркоўвалася ў «вярхах», Еўрапейскі Звяз гатовы істотна павялічыць аб`ём дапамогі і Беларусі – пры выкананні беларускімі ўладамі 12 умоў, звязаных па большай частцы з дэмакратызацыяй. Еўразвяз прапаноўвае спрашчэнне парадку ўезду грамадзян Беларусі ў ЕЗ, садзейнічанне беларускай эканоміцы, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і падрыхтоўку беларускіх прадпрыемстваў да працы на еўрапейскім рынку.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|