Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сённяшнія інвестыцыі – гэта мізер 12:28, 29/08/2007
Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК) плануе інвеставаць у эканоміку Беларусі $110 млн. Пра гэта заявіў 28 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнік Групы Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Бэл Крэйг. Аднак Беларусі для мадэрнізацыі эканомікі, як мяркуюць эксперты, патрэбныя мільярдныя замежныя інвестыцыі, а іх прыцягненне магчымае толькі з пачаткам маштабных эканамічных рэформ.
"$110 млн. – гэта аб`ём ужо вылучаных у Беларусі інвестыцый, – удакладніў Бэл Крэйг. – З іх прыблізна 50% будзе ўкладзенае ў рэальны сектар эканомікі". У гэтым годзе Міжнародная фінансавая карпарацыя сумесна з Detroit Investments інвестуе ў вытворчасць сокаў у Бабруйску $20 млн. МФК таксама ўжо ўклала $12 млн. у мадэрнізацыю піваварнай кампаніі "Сябар".
Што ж уяўляюць абвешчаныя МФК лічбы ў адносным выразе? Як паведамляў раней беларускім СМІ эканаміст Леанід Заіка, цяпер у Беларусі каля 10 млрд. даляраў уласных інвестыцыйных патокаў. Замежныя інвестыцый усяго 0,6-0,7. Такім чынам, інвестыцыі, прапанаваныя Беларусі фінансавай карпарацыяй складаюць каля 1% ад усіх капіталаўкладанняў. У лепшыя гады велічыня замежных інвестыцый магла дасягаць 5%. Але нават і гэтая велічыня, на думку эксперта, непрыметная, і не мае ніякага значэння для эканомікі.
«Міжнародная фінансавая карпарацыя з`яўляецца часткай Сусветнага банка, які ў сілу пэўных прычын не дае буйных крэдытаў Беларусі. Магчыма прапанова 110 мільёнаў даляраў інвестыцый ад МФК – гэта наступства атрымання Беларуссю крэдытнага рэйтынгу», – заявіў у інтэрв`ю прэс-цэнтру Хартыі’97 доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. На яго думку, у цэлым гэта пазітыўны факт для нашай эканомікі, хоць патрэба Беларусі ў замежных інвестыцыях для нармальнага яе развіцця вылічаецца мільярдамі, калі не дзесяткамі мільярдаў даляраў.