Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
НПЗ рызыкуюць ператварыцца ў абузу 10:16, 29/08/2007
Павялічыць памер дзяржаўнай субсідыі пастаўшчыкам нафты ў краіну мае намер урад. Такая мера, па задуме дзяржаўных экспертаў, павінна зацікавіць расейскіх "давальцаў", якія чарговым разам адмовіліся ў жніўні ад паслуг нашых НПЗ.
Інфармацыю пра тое, што дзяржаўная субсідыя пастаўшчыкам "трубнай" нафты складзе 110% ад узроўню пошліны, якая выплачваецца ў расейскі бюджэт пры пастаўцы вуглевадароднай сыравіны ў нашу краіну, распаўсюдзіла агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцы "ў профільным ведамстве". Крыніца растлумачыла, што расейскія кампаніі (Славнефть, Лукойл, Русснефть) адмовіліся працаваць з нашымі НПЗ на ўмовах працэсінгу з прычыны падвышэння з 1 жніўня экспартных цэнаў на нафтапрадукты. Як і ўвесну, працаваць па давальніцкіх схемах засталася толькі кампанія "Юнівест-М" з невялікім аб`ёмам у 275 тысяч тон (два айчынныя НПЗ у суткі перапрацоўваюць блізу 60 тысяч тон нафты).
Урад мае намер зрабіць чыгуначныя пастаўкі нафты больш прывабнымі, для чаго збіраецца ўсталяваць дзяржсубсідыю пастаўшчыкам у памеры 127% ад памеру пошліны або 83,3 даляры на тоне. Спецыялісты тлумачаць, што чыгуначныя пастаўкі больш выдатковыя ў параўнанні з "трубнымі", а таму непапулярныя ў расейскіх нафтавікоў.
Урад не засмучае той факт, што прыходзіцца "раскашэльвацца" на выплату субсідый пастаўшчыкам. Эксперты сцвярджаюць, што гэтыя выдаткі кампенсуюцца паступленнямі ў бюджэт экспартных пошлін на нафтапрадукты, піша «Экономическая газета».
Што тычыцца эканомікі нафтаперапрацоўчых заводаў, то яна, паводле ацэнак экспертаў, якія гучалі на гэтым тыдні, пакідае жадаць лепшага. Па інфармацыі ПРАЙМ-ТАСС, страты ў ліпені склалі 24 мільёны даляраў. Умовы працы не паляпшаюцца і паступова НПЗ набліжаюцца да сітуацыі "перапрацоўка дзеля перапрацоўкі". З "карміцеляў" Беларусі НПЗ рызыкуюць ператварыцца ў абузу. Пра важнасць гэтай галіны для эканомікі ў цэлым сказанае нямала. Паводле дадзеных мінулага года, мінеральныя прадукты займаюць 38,8% у структуры ўсяго нашага экспарту і 63,4% – экспарту ў далёкае замежжа.