Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Шпіёнаў» будуць судзіць за зачыненымі дзвярамі 13:03, 29/08/2007
У ваеннай калегіі Вярхоўнага суду Беларусі 4 верасня гэтага года пачнуцца слуханні па так званай справе польскіх шпіёнаў. Разгляд крымінальнай справы будзе праходзіць у закрытым паседжанні.
Нагадаем, што пра раскрыццё резідэнтурнай сеткі польскай ваеннай выведкі ў інтэрв`ю Агульнанацыянальнаму тэлебачанню 15 ліпеня гэтага года паведаміў намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера. Паводле яго слоў, у агентурную сетку нібыта ўваходзілі чацвёра вайскоўцаў беларускага войска і афіцэр Узброеных Сілаў Расеі. Паводле дадзеных КДБ, польскую выведку на тэрыторыі Беларусі цікавілі ваенна-стратэгічныя аб`екты Беларусі і Расеі, размяшчэнне і колькасць сродкаў супрацьпаветранай абароны, у прыватнасці комплексаў С-300. Кіраўніком рэзідэнтуры быццам бы з`яўляўся афіцэр ВПС і войскаў СПА Беларусі Уладзімір Рускін. Яму нібыта дапамагалі начальнік выведкі штаба адной з зенітна-ракетных брыгад маёр Богдан, вайскоўцы радыётэхнічнай брыгады Карнялюк і Пяткевіч. У групу таксама ўваходзіў афіцэр расейскага войска Юрэня.
Паводле інфармацыі КДБ, сакрэтная дакументацыя ВПС і войскаў СПА здымалася на плёнку, пасля перакладалася ў лічбавы фармат і запісвалася на флэш-карту. Для перадачы выведдадзеных выкарыстоўваліся схованкі, а для перамяшчэння іх праз мяжу быў зроблены кантэйнер унутры аўтамабільнага вогнетушыцеля.
У студзені 2007 года Уладзімір Рускін быў затрыманы на мяжы. Неўзабаве былі арыштаваныя астатнія ўдзельнікі рэзідэнтуры. Афіцэр Юрэня прыйшоў з павіннай ў ФСБ Расеі. Затрыманым было прад`яўленае абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве.
У рэпартажы ОНТ былі прадэманстраваныя кадры аператыўнай здымкі КДБ. Схаванай камерай быў зняты працэс фатаграфавання дакументаў адным з беларускіх афіцэраў. Таксама былі паказаныя кадры затрымання Уладзіміра Рускіна і запіс яго допыту, падчас якога ён прызнаў сваю віну.