Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Мы хочам быць еўрапейцамі і ганарыцца сваёй краінай» 11:46, 29/08/2007
Практычна ўсе дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі Беларусі возьмуць удзел у Еўрапейскім Маршы 14 кастрычніка. Акрамя выказвання імкнення далучыцца да ЕЗ, падчас акцыі будуць агучаныя і іншыя патрабаванні грамадзян, перадае «Нямецкая хваля».
Еўрапейскі Марш, на думку яго арганізатараў, у тым ліку і прадстаўнікоў моладзевых арганізацый, павінен стаць адной з самых масавых акцый за апошнія гады. Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Джынс – за свабоду!» Мікіта Сасім агучыў прычыны, чаму беларускія юнакі і дзяўчыны возьмуць удзел у Еўрапейскім Маршы:
«Мы хочам ездзіць у еўрапейскія краіны без віз. Мы хочам вучыцца ў еўрапейскіх навучальных установах. Мы хочам, каб дыпломы беларускіх ВНУ прызнаваліся ў Еўропе. Мы хочам свабодна размаўляць пра тое, пра што думаем і марым. Мы хочам быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Мы хочам быць еўрапейцамі і ганарыцца сваёй краінай. Мы ідзем на Еўрапейскі Марш таксама дзеля нашых бацькоў, дзеля дабрабыту старэйшага пакалення».
На думку актывіста арганізацыі «Моладзь БНФ» Іллі Богдана, Еўропа не адмаўляецца супрацоўнічаць з Беларуссю, аднак цяперашняя палітыка беларускіх улад зусім не накіраваная на такое супрацоўніцтва:
«Існуе 12 умоў, пры якіх Еўразвяз гатовы аднавіць палітыку добрасуседства з Беларуссю. Сёння афіцыйная ўлада ігнаруе гэтыя патрабаванні. Іх сэнс – гэта асноўныя каштоўнасці, якія тычацца не толькі еўрапейскіх народаў, але і беларускага народа. Таму што гэта – правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства закона, гэты падзел галін улады. Сёння сітуацыя, на жаль, толькі пагаршаецца. Беларускі народ, які выйдзе на Еўрапейскі Марш, яшчэ раз засведчыць наша імкненне да еўрапейскіх каштоўнасцяў».
Актывісты моладзевых арганізацый не пакінулі без увагі і заяву амбасадара Расейскай Федэрацыі Аляксандра Сурыкава, зробленую ім падчас інтэрв`ю агенцтву Інтэрфакс пра магчымасць размяшчэння ў Беларусі новых расейскіх вайсковых баз, а таксама ядзернай зброі. Маладыя палітыкі назвалі такую заяву расейскага дыпламата непаважлівай у дачыненні беларускага народа. У сувязі з гэтым на акцыі з`явяцца дадатковыя лозунгі – «Не – расейскім вайсковым базам!» і «Не – расейскай ядзернай зброі!». Гаворыць сябра аргкамітэта «Еўрапейскага Марша» Яўген Афнагель:
«У той час, як Станіслава Шушкевіча высоўваюць на Нобелеўскую прэмію міру за тое, што ён у свой час садзейнічаў вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, некаторыя не вельмі дальнабачныя палітыкі, у тым ліку і амбасадар Расейскай Федэрацыі, дазваляюць сабе такія заявы. У сувязі з тым, што расейскі ўрад ніяк не адрэагаваў на заяву свайго амбасадара, мы робім выснову, што гэта пазіцыя не толькі расейскага амбасадара, але і расейскага прэзідэнта».
Пасля гэтых слоў моладзевыя лідэры ўсталі з сваіх месцаў і ў знак пратэсту разарвалі партрэты Уладзіміра Пуціна. Прадстаўнік "Маладых дэмакратаў" Міхаіл Пашкевіч заявіў, што моладзевыя арганізацыі мабілізуюць для ўдзелу ў Еўрапейскім Маршы ўсе свае рэгіянальныя структуры, а таксама заклікаў падтрымаць акцыю ў Менску і выказаць сваю салідарнасць з яе ўдзельнікамі дэмакратычныя сілы далёкага і блізкага замежжа, у тым ліку і Расеі.