|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Міхаіл Чыгір: «Любому кіраўніку неабходны асяродак прафесіяналаў, якія не баяцца сказаць яму праўду» 15:14, 31/08/2007 МН: Міхаіл Мікалаевіч, шматлікія палітычныя сілы ў Беларусі гавораць пра непазбежнасць пагрозы незалежнасці рэспубліцы. Гэта насамрэч так? Чыгір: Усё залежыць ад нас. Калі Беларусь як самастойная краіна жыць у наяўных сусветных умовах не здолее, тады яе незалежнасць апынецца пад пагрозай. Але калі мы, атрымоўваючы тавары і энерганосьбіты па сусветных цэнах, не прыстасуемся да наяўнай рэальнасці, будзе справядліва, калі хтосьці з`есць нас з усімі трыбухамі. Чаму ўрад краіны жаліцца, маючы самую нізкую цану на газ, бо іншыя краіны плацяць у два разы больш? Бо мы не лічым сябе горш за іншых. Значыць, выжывем, хоць будзе цяжка, бо час выпушчаны. А дракон сядзіць у нас саміх. Як мы з ім паступім, так і будзе. Цяпер ёсць усе перадумовы да таго, што прэзідэнт мае намер пайсці на лібералізацыю эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Пакуль на словах, але Аляксандр Лукашэнка гатовы адмяніць датаванне сельскай гаспадаркі. Хай позна, але ўлады ўзяліся за энергазахавальныя праекты ў маштабах усёй краіны. Наступіўшы на горла ўласнай песні, кіраўніцтва згортвае сацыяльную праграму, якую дзяржава ўжо не ў сілах, без мільярдаў Крамля, выконваць. МН: У свой час дружба з Масквой прыносіла Менску немалыя выгоды... Чыгір: Толькі дзякуючы такім уліванням Расеі Беларусь здолела сем–восем гадоў нябедна існаваць, прадстаўляючы прыклад сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая ідзе своеасаблівым шляхам развіцця. Расейскія грошы пражываліся, а ў сусветную эканоміку Беларусь інтэгравалася вельмі павольна. Сёння мы не гатовыя жыць ва ўмовах жорсткіх рынкавых стасункаў. МН: Хочаце сказаць, што расейскія мільярды на карысць беларускай дзяржаве не пайшлі? Чыгір: На жаль, але так атрымліваецца, што гэты найбагацейшы рэсурс не быў скарыстаны для таго, каб падрыхтаваць нашу эканоміку да самастойнага існавання і выжывання ва ўмовах увядзення сусветных цэнаў на энерганосьбіты. Не створаная канкурэнтаздольная эканоміка, хаця б арыентаваная на Усход, не кажучы ўжо пра Захад. Акрамя таго, той факт, што Расея пачала пракладку газавай трубы па дне Балтыйскага мора – вялікая бяда для Менска. Вядома, Беларусі павезла, што па яе тэрыторыі праходзяць магістральныя шляхі, якія злучаюць шматлікія краіны. Паветраная прастора рэспублікі, яе дарогі, трубаправоды, лініі электраперадачы павінны быць вечнай выгодай для беларусаў, а не прыладай ціску цяперашняга рэжыму на сваіх суседзяў. У самым блізкім асяродку Лукашэнкі ўсе маўчаць, і памылка прэзідэнта становіцца памылкай усёй краіны. У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі ў свеце адзін (нават вельмі разумны) кіраўнік не можа прымаць аднаасобныя рашэнні, ужо вельмі складана правільна ацаніць сітуацыю і зрабіць самы выгодны ход. Я прапрацаваў з Аляксандрам Лукашэнкам два з паловай гады. Ён можа пад уздзеяннем моманту рэзка выказацца, але ніколі ўласных памылак не прызнае. У маю бытнасць кіраўніком урада былі людзі, якія ўплывалі на яго. Сёння калегіяльнасць прыняцця рашэнняў адсутнічае. У цяперашнім асяродку Лукашэнкі няма людзей, якія маглі б з ім дыскутаваць, адстойваць сваю пазіцыю, даказваць памылковасць яго разваг. Калі кіраўнік дзяржавы памыляецца, не знаходзіцца нікога, хто мог бы паказаць на гэтую памылку. Потым яе даводзіцца з вялікімі стратамі выпраўляць. Любому кіраўніку неабходны асяродак прафесіяналаў, якія не баяцца сказаць яму праўду, якой бы горкай яна ні была. Да таго ж патрэбна прэзідэнцкая каманда аднадумцаў, якая магла б працаваць без страху. Цяпер яе няма. ДАВЕДКА Міхаіл Мікалаевіч Чыгір нарадзіўся ў 1948 годзе ў Беларусі. Першы і адзіны прэм`ер-міністр (1994–1996) гэтай рэспублікі, які пайшоў у адстаўку на ўласнае жаданне. Базавая адукацыя – спецыяліст банкаўскай справы. Быў інструктарам эканамічнага аддзела ЦК КПБ, на пачатку 1990-х кіраваў Белаграпрамбанкам, тады адной з самых магутных фінансавых структур. У 1999 годзе ўдзельнічаў у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах, якія праводзіліся пасля заканчэння дэ-юрэ першага тэрміна кіравання Лукашэнка. У 2000 годзе прызнаны вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, яго дзеяння прычынілі дзяржаве "істотную матэрыяльную шкоду". Прабыў у месцах пазбаўлення свабоды дзевяць месяцаў.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|