Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўразвяз можа закрыць энергасектар для замежных інвестараў 17:25, 31/08/2007
У будучым палітычным сезоне Еўрапарламент зоймецца пытаннем абароны энергетычнага сектара ад непажаданых інвестараў, да якіх, у тым ліку, належыць і "Газпром". Брусэль ужо распрацаваў пэўны пакет рэформ, перадае Deutsche Welle.
Еўрапейская камісія рыхтуе законапраект, які закліканы абараніць энергетычны сектар ЕЗ ад непажаданых замежных інвестараў. Пра гэта паведамляе Financial Times Deutschland са спасылкай на ўнутраны дакумент Еўракамісіі. Аўтары дакумента, у прыватнасці, рэкамендуюць блакаваць інвестараў, якія кіруюцца "не эканамічнымі, а іншымі меркаваннямі".
У апошнія месяцы Еўропа ўсё з большай турботай глядзіць у бок Расеі, Кітая і краін Персідскага заліва, у дзяржаўных фондах якіх назапасіліся мільярды еўра. Урад Нямеччыны зрабіў абарону стратэгічных галін ад такіх інвестараў адной з тэм надыходзячага палітычнага сезону. Цяпер чарга дайшла да Брусэля.
Барацьба з манаполіямі робіць сектар уразлівым
Як паведаміў нямецкаму выданню Spiegel Online прэс-сакратар камісара ЕЗ па энергетыцы Андрыса Піебалгса, з ініцыятывай новага механізма кантролю выступілі адразу некалькі дзяржаў ЕЗ. Законапраект стане часткай пакета па лібералізацыі энергетычнага рынку. Каля года таму ведамства Піебалгса абвясціла сапраўдную вайну манаполіям, запатрабаваўшы падзелу вытворчасці і размеркавання электраэнергіі. У той самы час Брусэль усвядоміць, што, дробнячы энергетычныя канцэрны, ён палягчае жыццё непажаданым інвестарам.
"Мы хочам стварыць умовы для канкурэнцыі на еўрапейскім рынку, аднак – для канкурэнцыі справядлівай, – падкрэслівае прадстаўнік Еўракамісіі. – Усе інвестары, у тым ліку і кампаніі з дзяржаў, якія не з`яўляюцца сябрамі ЕЗ, павінны прытрымлівацца аднолькавых правіл гульні".
Паводле дадзеных Financial Times Deutschland, у дакуменце прапаноўваецца шырокі спектр мераў – ад увядзення фармальнай працэдуры аналізу "добранадзейнасці" інвестара да абвяшчэння энергетычнага сектара стратэгічна важным і, такім чынам, закрытым для замежных акцыянераў.